11 красавiка 2026, Субота, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе Нацбанк Беларусі страціў мільярд долараў

9
Дзе Нацбанк Беларусі страціў мільярд долараў

Рэзервы таюць.

У сакавіку рэзервы беларускага Нацбанка перарвалі серыю рэкордаў. Прычым з гучным трэскам. Калі на 1 сакавіка яны складалі 16,4 мільярда долараў, то па стане на 1 красавіка ўпалі да 15,2 мільярда. Аднак Нацбанк не сумуе і разважае, куды можна прыстроіць усё астатняе. Напрыклад, у далёкай краіне Аман.

Пра тое, чаму стратэгія сядзець роўна на золаце не спрацавала, — у новым выпуску праграмы «Оптымум» на Ютуб-канале «Белорусы и рынок».

Рэзервы таюць

«Скарачэнне аб'ёму залатавалютных рэзерваў звязана са зніжэннем цэн на золата на міжнародных фінансавых рынках», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

То бок рэзервы засталіся як былі, але патаннелі. Дакладна так жа, як шмат месяцаў запар яны даражэлі дзякуючы таму, што даражэла золата. Пры гэтым у фізічных аб'ёмах колькасць золата не змянялася. Як было ў Нацбанка яшчэ дзесяць гадоў таму 54 тоны золата, так у яго 54 тоны золата і засталося. І гэта было вельмі зручна. Прынамсі, пакуль золата даражэла. Можна было сядзець роўна на золаце, багацець і ўсім распавядаць, які ты малайчына.

«Абраная палітыка па кіраванні залатавалютнымі рэзервамі прынесла нам вельмі нядрэнны даход», — казаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка у маі мінулага года.

Хаця насамрэч уся гэтая палітыка заключалася ў тым, каб нічога не рабіць. Усе гэтыя рэкорды — вынік знешніх, ніяк не залежных ад Нацбанка абставін. І Нацбанк быў упэўнены, што так будзе вечна.

«Бягучыя прагнозы не прадугледжваюць зніжэння цэн на золата, то бок істотнага скарачэння ЗВР не чакаецца», — казаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка ў інтэрв'ю часопісу «Банкаўскі веснік» 25 сакавіка гэтага года.

А праз тыдзень пасля таго, як кіраўнік Нацбанка паразважаў, што золата таннець не будзе, Нацбанк абвясціў пра тое, што ён страціў мільярд долараў з-за таго, што золата патаннела.

Рызыкоўная справа

Насамрэч нават пасля сакавіцкага абвалу рэзерваў Нацбанку хопіць, каб аплачваць імпарт больш як тры месяцы. То бок паводле ўсіх крытэрыяў стабільнасці беларускаму валютнаму рынку нічога не пагражае. У Нацбанка больш чым дастаткова рэзерваў, каб не дапусціць рэзкага абвалу рубля.

Але ёсць адна рызыка, якая можа знішчыць усю гэтую стабільнасць. Прычым вельмі хутка. Бо галоўная рызыка для валютнай, фінансавай і ўсёй астатняй стабільнасці Беларусі — гэта не сусветная кан'юнктура, не ваганні цэн і нават не ірана-амерыканская вайна.

Галоўная рызыка — гэта асаблівасці эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. З восені мінулага года Аляксандр Лукашэнка дамагаўся, каб Нацбанк пачаў траціць рэзервы хоць на што-небудзь. Дык Нацбанк урэшце не здолеў устаяць.

У тым жа інтэрв'ю, у якім ён распавядаў, што золата таннець не будзе, Раман Галоўчанка пахваліўся, што Нацбанк за кошт сваіх рэзерваў ужо пачаў фінансаваць некаторыя інвестыцыйныя праекты і будзе фінансаваць яшчэ больш.

«Безумоўна, такое фінансаванне носіць выключны, кропкавы характар», — сказаў Галоўчанка.

Кропка ўкладання

Пра якія праекты ідзе гаворка, Галоўчанка не сказаў. Але ёсць пэўныя намёкі. 9 красавіка Раман Галоўчанка сустракаўся з галоўным інвестдырэктарам Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Ібрагімам Аль-Эйсры.

«Мы абмяркоўваем пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і канкрэтныя ініцыятывы», — сказаў ён.

Якія канкрэтна ініцыятывы, ён зноў жа не ўдакладніў. Але ў снежні мінулага года падчас візіту ў Аман і Алжыр Аляксандр Лукашэнка прапанаваў гэтым краінам «саабразіць на траіх». Пабудаваць у Амане сумеснае прадпрыемства па вытворчасці складаных угнаенняў. Бо ў Амане ёсць фасфаты, у Алжыры — газ. А ў Беларусі ўсяго гэтага няма. Затое ў беларускага Нацбанка раптам утварыліся рэкордныя залатавалютныя рэзервы.

«Грошы сёння, а заўтра тым больш, нічога не значаць. Вы бачыце, што адбываецца. Жахлівая інфляцыя па асноўных рэзервовых валютах у свеце. Таму жыццё падштурхоўвае нас да таго, каб інвеставаць, укладваць гэтыя грошы ў канкрэтныя праекты», — казаў Лукашэнка падчас свайго візіту ў Аман.

Дык што беларускія ўлады не проста хочуць укласці нашы грошы ў будаўніцтва завода ў далёкай краіне Аман. Беларускія ўлады хочуць патраціць на завод у далёкай краіне Аман нашы залатавалютныя рэзервы. Рэзервы, сэнс якіх у тым, што іх у прынцыпе нельга траціць. Калі, вядома, вас хвалюе валютная і фінансавая стабільнасць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках