Лукашэнка і позні Брэжнеў
22- Сяргей Кавальчук
- 11.04.2026, 16:23
- 14,634
Думкі і выказванні кіраўніка спісаныя з метадычак для савецкіх палітрукоў.
Нядаўнія тэзісы Лукашэнкі спачатку павесялілі зубаскалаў, а потым іх жа і напалохалі. Жарт ці што: яшчэ ўчора кіраўнік раздуваўся ад гонару за тое, што здолеў захаваць мір на «клапціку» зямлі, давераным яму нябеснымі сіламі. А тут канцэпцыя змянілася так жа хутка, як надвор’е гэтай вясной.
Адгэтуль мы ўсе павінны рыхтавацца да вайны і не думаць, што атрымаецца пракруціцца, пакуль сусветныя ўладары будуць змагацца за мір — традыцыйна так, што ад таго міру можа і каменя на камені не застацца.
Бутафорскі фельдмаршальскі мундзі́р і пагоны самадзяржаўца павінны былі ўмацаваць упэўненасць у тым, што вораг абавязкова будзе «разбіты малой крывёю і на чужой тэрыторыі». Аднак у прапагандыстаў — лёгкі ступар, а чыноўнікі і ад меншага стрэсу прывыклі разыгрываць ролю апасума.
У выніку публічная прастора пакуль не надта расхіствае новы меседж, які прагучаў з вуснаў Лукашэнкі, аднак пэўныя рухі ў бок падрыхтоўкі да непазбежнага ўжо намеціліся.
Уважлівы назіральнік адзначае, што агульная падрыхтоўка ўзброеных сіл да рэгіянальнай «двіжухі» планетарнага значэння ідзе ўжо даўно, аднак з’яўляюцца і некаторыя званочкі, што да гэтай самай «двіжухі» пачала рыхтавацца і грамадзянская вертыкаль.
У прыватнасці, райвыканкамы пачалі закупляць бронекамізэлькі — інакш як для сябе любімых, ну і для «апалчэння», якое так ці інакш збіраюцца ўздымаць пад ружжо ў умоўную «гадзіну Х».
З аднаго боку, такія закупкі — чарговая ўрадлівая дзялянка для распілаў, адкатаў і іншых традыцыйных заняткаў «адказных асоб». Аднак, пагадзіцеся, пілаваць на зялёных насаджэннях або бясконцым фарбаванні фасадаў куды прыемней і зручней, чым на бронекамізэльках. Паступовы пераход логікі з мірнай на ваенную адбываецца проста цяпер.
Што да пасылу, які ўсё грамадства атрымала першага красавіка і куды неадкладна накіравалася, дык ён не новы. Як і многія папярэднія «геніяльныя» думкі і выказванні Лукашэнкі, тэзіс пра хуткую вайну і падрыхтоўку да яе спісаны з метадычак для палітрукоў часоў позняга Брэжнева. Тады таксама ўсё жыццё праходзіла пад знакам супрацьстаяння паміж Усходам і Захадам.
Праўда, тады ЗША былі адназначным праціўнікам, а цяпер паміж адміністрацыяй Трампа і домам на Карла Маркса, 38, як пішуць у сацсетках, статус «усё складана». Але хлопцы выдатна знаходзяць агульную мову ў стойкай нелюбові да Еўропы, якая чарговы раз становіцца асноўнай апорай дэмакратыі ў гэтым свеце, што мятаецца з боку ў бок.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»