На Мінскім моры панізіўся ўзровень вады і змянілася берагавая лінія
- 10.04.2026, 23:31
- 1,188
Што там адбываецца?
На Заслаўскім вадасховішчы, або Мінскім моры, ідзе маштабная рэканструкцыя гідратэхнічнага комплексу — у першую чаргу вадоскіду, плаціны і будынка ГЭС «Гонолес», — піша «Онлайнер».
Менавіта з-за гэтых работ у некаторых месцах змяніўся выгляд берагавой лініі: з’явіліся насыпы, «косы» і часова паніжаны ўзровень вады. Але цалкам вадасховішча не асушаюць — гаворка ідзе пра паэтапны рамонт, каб мінімізаваць уплыў на зону адпачынку.

Работы пачаліся пасля працяглай падрыхтоўкі: яшчэ з 2016 года ішло праектаванне і абследаванне гідрасістэмы. Падчас праверак выявілі праблемы з бетоннымі канструкцыямі, берагавымі ўмацаваннямі і дрэнажнай сістэмай. У 2024 годзе нават часова паніжалі ўзровень вады, каб выканаць частку тэхнічных работ.

Цяпер ідзе адзін з ключавых этапаў — будаўніцтва часовай дамбы. Яе даўжыня павінна складаць каля 830 метраў, а вышыня — да 12 метраў. Работы вядуцца паэтапна, паралельна працягвае працаваць ГЭС.

Таксама з-за будаўнічай тэхнікі перакрылі адзін з падыходаў да вады з боку чыгуначнай станцыі. Гэта зроблена з меркаванняў бяспекі, бо там рухаецца тэхніка.
Улады заяўляюць, што частку закрытых участкаў плануюць адкрыць да лета, але часовыя абмежаванні могуць вяртацца, калі гэтага запатрабуюць будаўнічыя работы.