ЗСУ ўзялі ў палон параненага беларуса, які ваяваў на баку РФ
45- 10.04.2026, 22:34
- 30,186
Украінскія байцы рызыкавалі жыццём, выносячы яго з поля бою.
Байцы 47-й асобнай механізаванай брыгады ўзялі ў палон грамадзяніна Беларусі, які ваяваў на баку Расіі і спрабаваў здацца. Падчас спробы перайсці лінію фронту ён падарваўся на міне і атрымаў раненні, піша OBOZ.UA.
Украінскія вайскоўцы неслі яго на сабе каля 10 кіламетраў праз небяспечную тэрыторыю. Пра інцыдэнт паведамілі вайскоўцы 47-й АМБр «Магура».
Па словах палоннага, ён з'яўляецца грамадзянінам Беларусі і падпісаў кантракт з расійскай арміяй, пасля чаго прайшоў кароткую падрыхтоўку і быў накіраваны на фронт. Пазней ён вырашыў здацца ўкраінскім сілам і спрабаваў самастойна перайсці лінію баявых дзеянняў, аднак у цемры наткнуўся на міну.

Пасля выбуху ён змог самастойна накласці павязку і паклікаць на дапамогу. Яго знайшлі ўкраінскія вайскоўцы, якія аказалі першую медыцынскую дапамогу, наклалі турнікеты і арганізавалі эвакуацыю.

З-за цяжкага стану параненага і складанай абстаноўкі байцам давялося несці яго на сабе, паколькі самастойна рухацца ён не мог. Шлях пралягаў праз адкрытыя ўчасткі мясцовасці, якія застаюцца замініраванымі, а таксама пад пагрозай мінамётных абстрэлаў.
«Дзесяць кіламетраў з 80-кілаграмовым цяжкапараненым. Калі ішлі — быў абстрэл, даводзілася падаць разам з ім. Палі замініраваныя, уначы туман, нічога не бачна. Ён некалькі разоў казаў: кідайце мяне. Але мы адказалі — не, мы цябе данясём», — распавёў украінскі вайсковец.

Эвакуацыя цягнулася некалькі гадзін і завяршылася ўжо на наступны дзень, калі параненага даставілі ў стабілізацыйны пункт. Яны свядома рызыкавалі жыццём, каб уратаваць палоннага, у тым ліку ўлічваючы магчымасць далейшага абмену.
Сам беларус прызнаў, што шкадуе пра ўдзел у вайне, і заявіў, што расійскае камандаванне ставіцца да замежных кантрактнікаў як да «гарматнага мяса».