Новая сістэма перасячэння мяжы пачала працаваць ва ўсіх пунктах пропуску краін ЕС
1- 10.04.2026, 21:29
- 2,444
Да ведама беларусам.
У ўсіх пунктах пропуску краін — членаў Еўрапейскага саюза 10 красавіка пачала працаваць новая біяметрычная сістэма перасячэння мяжы Entry/Exit System (EES). Пра гэта паведаміла прэс-служба Еўракамісіі.
EES рэгіструе ўсіх грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі, якія перасякаюць мяжу Шэнгенскай зоны для кароткатэрміновага знаходжання (да 90 дзён цягам 180-дзённага перыяду). Яна збірае біяграфічныя і біяметрычныя даныя падарожнікаў і інфармацыю пра паездкі, замяняючы старую сістэму са штампамі ў пашпарце. Дзякуючы гэтаму памежнікі атрымліваюць дакладныя запісы пра кожнае перасячэнне мяжы.
Сістэма дапамагае хутка вызначаць тых, хто застаўся даўжэй за дазволены тэрмін, а таксама выпадкі махлярства з дакументамі і персанальнымі данымі. Рэгістрацыя падарожніка праз EES у сярэднім займае 70 секунд.
У Еўракамісіі нагадалі, што паступовае ўкараненне сістэмы пачалося ў кастрычніку 2025 года. З моманту яе ўвядзення зарэгістравалі больш за 52 млн уездаў і выездаў. Больш як 27 тыс. асобам адмовілі ва ўездзе, з іх амаль 700 ідэнтыфікавалі як тых, хто стварае пагрозу бяспецы ЕС, гаворыцца ў рэлізе.
Раней еўракамісары адзначалі, што план па зборы біяметрычных даных з'яўляецца часткай больш шырокай праграмы ЕС «Разумная мяжа». Такая канфігурацыя, паводле прагнозаў, дапаможа паскорыць уезд папярэдне ўхваленых асоб, якія часта падарожнічаюць з краін, што не ўваходзяць у ЕС. Таксама яна дазволіць змагацца з нелегальнай міграцыяй.