З Беларусі запускаюць новыя міжнародныя аўтобусныя рэйсы
- 10.04.2026, 10:58
- 1,142
Адзін з маршрутаў злучыць Гомель, Варшаву і Кракаў.
З 15 красавіка аднаўляе працу адзін з самых працяглых міжнародных маршрутаў — Гомель — Кракаў. Дарогаю аўтобус заязджае таксама ў Магілёў, Брэст і Варшаву, а ўсяго праходзіць больш за 1200 км. Маршрут працяглы, затое ў пасажыраў з'явілася магчымасць дабрацца да патрэбнага месца без перасадак, паведамляе сэрвіс «Атласбас».
Адправленне з Гомеля па серадах у 07:10, у зваротны шлях з Кракава аўтобус адпраўляецца па пятніцах у 17:00.
У дарозе — крыху больш за 20 гадзін. На маршруце працуюць вялікія аўтобусы еўрапейскага класа: камфорт у дарозе забяспечаны. Паездка абыдзецца ў 220 рублёў.
Таксама з 16 красавіка гродзенскі аўтапарк адкрывае рэйс Гродна — Беласток на 05:00. Адправленне з Беластока — у 11:00.