Reuters: «Ідэальны шторм» на нафтавым рынку абрынуў прыбытак кампаніі сябра Пуціна
1- 1.04.2026, 10:51
- 4,882
Над Сечыным і «Раснафтай» згушчаюцца хмары.
Чысты прыбытак найбуйнейшай расійскай нафтаздабыўчай кампаніі «Раснафта» за 2025 год абваліўся на 73% — да 293 млрд рублёў (3,60 млрд долараў), гаворыцца ў апублікаванай справаздачы нафтаздабыўчай кампаніі.
Агенцтва Reuters тлумачыць, што чысты прыбытак нафтавага гіганта рэзка знізіўся праз высокія працэнтныя стаўкі, высокі падатак на прыбытак, а таксама санкцыі.
Паводле слоў даўняга паплечніка расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна — генеральнага дырэктара «Раснафты» Ігара Сечына, у мінулым годзе расійская нафтавая галіна апынулася ў «ідэальным шторме» негатыўных геапалітычных фактараў і жорсткіх унутраных макраэканамічных умоў.
«Раснафта» і другі па велічыні нафтаздабыўны канцэрн Расіі «Лукойл» у кастрычніку 2025 года трапілі пад санкцыі ЗША.
З яго слоў вынікае, што нават скачок цэн на нафту пасля пачатку вайны на Блізкім Усходзе не забяспечыў кампанію «доларавым дажджом». Сечын адзначыў, што высокія цэны на нафту ў значнай ступені кампенсуюцца ростам кошту перавозак расійскага «чорнага золата», а таксама страхавых і іншых выдаткаў.
Ён адзначыў, што ў сакавіку фрахтавыя стаўкі на перавозку расійскай нафты ў Індыю з партоў Балтыйскага мора перавысілі 20 долараў за барэль, што ў 10 разоў перавышае выдаткі на дастаўку нафты з Расіі ў Еўропу на пачатку 2022 года.