Рукапісную кнігу з беларускага прыходу прадалі на аўкцыёне за 1,5 тысячы еўра
4- 8.03.2026, 11:28
- 2,404
Верагодна, кнігу выкупіў адзін з беларускіх мецэнатаў.
На польскім аўкцыёне за 1500 еўра прадалі старадаўнюю кнігу з беларускага прыходу. Стартавая цана лота складала 704 еўра. Таргі скончыліся на суме 1562 еўра, паведамляе «Еўрарадыё».
Рукапісная кніга XIX стагоддзя з прыходу ў Вялікіх Эйсмантах Гродзенскай вобласці пры невядомых абставінах знікла з мясцовага касцёла. Падобныя дакументы звычайна захоўваюцца ў царкоўных або дзяржаўных архівах, бо маюць значную навуковую каштоўнасць.
«Усё будзе добра, чакайце інфармацыю ў панядзелак раніцай!» — кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Грыгорый Остапеня.
Верагодна, кнігу выкупіў адзін з беларускіх мецэнатаў. Ініцыятыва MALDZIS каардынуе беларускіх мецэнатаў для захавання каштоўных артэфактаў, звязаных з Беларуссю. Раней ініцыятыва выкупіла літаграфіі Напалеона Орды (яны цяпер выстаўлены ў Музеі Свабоднай Беларусі ў Варшаве), першую беларускамоўную карту Беларусі, франкамоўнае выданне першай часткі «Вялікага мастацтва артылерыі» Казімера Семяновіча, першае выданне «Жэзла ўлады» Сімяона Полацкага і іншыя прадметы.
Пасля дэмакратычных перамен у Беларусі набыткі плануюць перадаць у беларускія музеі.