Навукоўцы: пасля 65 гадоў функцыі арганізма могуць паляпшацца
9- 6.03.2026, 16:46
- 8,650
Галоўнае — стаўленне чалавека да ўласнага старэння.
Пажылы ўзрост часта ўспрымаецца як перыяд непазбежнага фізічнага і кагнітыўнага пагаршэння. Аднак новае даследаванне паказала, што ў многіх людзей пасля 65 гадоў функцыі арганізма, наадварот, могуць паляпшацца. Больш за тое, важную ролю тут адыгрывае стаўленне чалавека да ўласнага старэння. Даследаванне апублікавана ў часопісе Geriatrics.
Навукоўцы прааналізавалі даныя больш як 11 тыс. удзельнікаў доўгатэрміновага праекта Health and Retirement Study — аднаго з найбольш буйных даследаванняў старэння ў ЗША. Назіранне за добраахвотнікамі доўжылася да 12 гадоў.
Даследчыкі ацэньвалі два паказчыкі: кагнітыўныя здольнасці і фізічны стан. Для праверкі кагнітыўных функцый выкарыстоўваўся камплексны тэст памяці і мыслення, а фізічны стан ацэньвалі паводле хуткасці хады. Герыятры часта называюць гэты паказчык «жыццёвым сігналам», бо ён звязаны з рызыкай інваліднасці, шпіталізацыі і смяротнасці.
Высветлілася, што 45% удзельнікаў з цягам часу прадэманстравалі паляпшэнне хаця б па адным з гэтых паказчыкаў. Прыблізна ў 32% палепшыліся кагнітыўныя функцыі, у 28% — фізічныя паказчыкі.
Калі ўлічваць таксама людзей, у якіх кагнітыўныя здольнасці не пагаршаліся, то больш за палову ўдзельнікаў фактычна абверглі распаўсюджанае ўяўленне пра непазбежнае зніжэнне разумовых функцый у старасьці.
Паводле слоў даследчыкаў, такія змены часта застаюцца непрыкметнымі, калі разглядаць толькі сярэднія паказчыкі.
«Калі мы усерадняем даныя, здаецца, што адбываецца толькі паступовае пагаршэнне. Але калі паглядзець на індывідуальныя траекторыі, становіцца бачна, што многія пажылыя людзі з часам сапраўды паляпшаюць свае паказчыкі», — растлумачылі навукоўцы.
Навукоўцы таксама выявілі фактар, звязаны з гэтымі паляпшэннямі. Людзі, якія першапачаткова мелі больш пазітыўныя ўяўленні пра старэнне, часцей дэманстравалі паляпшэнне як кагнітыўных функцый, так і фізічнага стану. Гэты эфект захоўваўся нават пасля ўліку ўзросту, пола, узроўню адукацыі, хранічных захворванняў і дэпрэсіі.
Аўтары тлумачаць вынік дзеяннем так званай тэорыі «ўцелаўлення стэрэатыпаў». Згодна з ёй, уяўленні пра старэнне, якія чалавек засвойвае з культуры, СМІ і асяроддзя, з цягам часу пачынаюць уплываць на яго паводзіны і нават на фізіялагічныя працэсы.
Папярэднія даследаванні ўжо паказвалі, што негатыўныя ўстаноўкі адносна старэння звязаныя з пагаршэннем памяці, больш павольнай хадой і падвышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў.
На думку аўтараў працы, вынікі даследавання сведчаць пра існаванне «рэзервовага патэнцыялу» арганізма нават у пажылым узросце. Паколькі стаўленне да старэння можна змяніць, гэта адкрывае магчымасці для праграм падтрымкі здароўя пажылых людзей — як на індывідуальным узроўні, так і на ўзроўні грамадства.