Капітанку жаночай зборнай Беларусі па рэгбі асудзілі за «палітыку»
2- 6.03.2026, 12:58
- 5,080
Спартсменцы вынеслі прысуд напярэдадні свята 8 сакавіка.
35-гадовую рэгбістку Марыю Шакуро асудзілі на «хатнюю хімію» паводле палітычнага артыкула. Разгляд яе справы вядзе Мінскі гарадскі суд, паведамляе «Еўрарадыё».
Марыю Шакуро судзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Апошнім часам гэты артыкул ужываюць да людзей, затрыманых па «справе Гаюна». Аднак дакладна невядома, у чым менавіта абвінавачвалі спартсменку.
Марыя Шакуро — вядомая рэгбістка, яна была капітанкай зборнай Беларусі. У 2017 годзе стала бронзавой прызёркай чэмпіянату Еўропы па пляжным рэгбі.
Адначасова яна працавала на мэблевай вытворчасці.
У 2020-м спартсменку арыштавалі на 10 сутак, але потым яе не чапалі. Калі на Марыю завялі крымінальную справу і ці сядзела яна ў СІЗА — невядома.