Археолагі знайшлі сведчанне існавання легендарнага караля
- 6.03.2026, 11:48
- 3,622
Унікальны рукапіс выявілі польскія археолагі.
Падчас раскопак у Судане знайшлі арабскі дакумент, які пацвярджае існаванне караля Кашкаша — гістарычнай асобы, якую раней лічылі паўлегендарнай.
Знаходку выявілі ў будынку, які мясцовыя жыхары называюць «Домам караля». Сярод знойдзеных артэфактаў археолагі выявілі пісьмовы загад, выдадзены ад імя правіцеля, паведаміў Цэнтр міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
Па словах арабіста Томаша Баранскага, дакумент мае важнае гістарычнае значэнне.
«Пісьмовы загад караля Кашкаша даказвае існаванне гэтай гістарычнай постаці, раней вядомай толькі з кароткіх згадванняў у агіяграфічным творы пачатку XIX стагоддзя», — патлумачыў даследчык.
Хоць сам тэкст мае даволі побытавы характар, ён дае рэдкае ўяўленне пра сацыяльна-эканамічныя адносіны ў каралеўстве Донгола ў перыяд актыўнай арабізацыі і ісламізацыі рэгіёна.
Дакумент знайшлі ў вялікай рэзідэнцыі разам з іншымі артэфактамі — тканінамі з бавоўны, лёну і шоўку, а таксама прадметамі са слановай косці і з рога насарога. Усяго на месцы раскопак выявілі больш за 20 арабскіх дакументаў, хоць большасць з іх захаваліся толькі фрагментарна.
Унікальны рукапіс датуецца мяжой XVI–XVII стагоддзяў і захаваўся амаль цалкам.