Лукашэнка не ўседзеў
18- 5.03.2026, 17:55
- 36,000
Дыктатар апынуўся ў пікантным становішчы.
Пасля прыкметнай маўклівасці больш за суткі Лукашэнка працягвае выказваць спачуванні Ірану, дакладней, тым, хто перажывае за забітых прадстаўнікоў рэжыму аятал.
З гэтай мэтай ён сустрэўся з паслом Ірана ў Беларусі. Праўда, тут атрымалася невялікае розначытанне. Кіраўнік выказаў дыпламату спачуванне ў сувязі з «здрадніцкім нападам Ізраіля пры падтрымцы ЗША».
Сам жа пасол, падсумоўваючы сустрэчу, паведаміў журналістам, што яны «абмеркавалі бягучыя падзеі ў рэгіёне Блізкага Усходу, асабліва атакі Амерыкі і ізраільскага рэжыму».
Расстаноўка акцэнтаў у дадзеным выпадку толькі здаецца не надта прыкметнай. Паводле меркавання дырэктара даследчых праграм Усходняга суседства і Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзя Мошэса, нязначная граматычная перастаноўка ўказвае на цалкам значны выбар Лукашэнкі.
Пра гэты выбар і высновы, якія ён можа зрабіць з таго, што адбываецца на Блізкім Усходзе, палітолаг распавёў «Філіну».
— Адбыўся той выпадак, калі Лукашэнка не ўседзеў на двух крэслах. Шчыра кажучы, ён ужо кепска на іх трымаўся, хутчэй нават знаходзіўся дзесьці паміж гэтымі крэсламі. Але, падымаючыся са свайго пікантнага становішча, ён выбраў «маскоўскае крэсла», — пачаў з алегорыі Аркадзь Мошэс. — Вядома, аўтары ягоных тэкстаў прадэманстравалі цуды слоўнай эквілібрыстыкі і вытрымалі вельмі роўны тон.
Але ён усё ж такі асудзіў тое, што адбываецца, загаварыў адным голасам з Пуціным, а не з Трампам і Ізраілем.
Я і раней казаў, і цяпер паўтару: Лукашэнка можа казаць там — адно, тут — другое, але калі перад ім паставіць жорсткі выбар, ён заўсёды абярэ Расію.
На мой погляд, пераломнымі ў гэтым сэнсе сталі выбары 2010 года. Напярэдадні, у 2008–2010 гадах, быў апошні шанец, калі магла адбыцца рэальная перазагрузка адносін з Еўропай.
У 2015–2020-х, насуперак сцверджанням многіх, яна ўжо не адбылася б. А да 2010 года Еўропа сур'ёзна прапаноўвала яму і грошы, і амністыю, то бок абмен хаця б невялікай унутрыпалітычнай лібералізацыі на яго легітымацыю на Захадзе.
Але ён, відавочна, усё ўзважыў і выбраў Маскву, і пайшоў за ёй, працягваючы ў тым жа духу — рэпрэсіі і ўсё такое.
— Але ж была «адліга» 2015–2020 гадоў. Чаму вы лічыце, што паварот у бок Еўропы ўжо быў немагчымы?
— На жаль, для мяне тады ўсё было прадказальна, я разумеў, чым гэта скончыцца. Праўда, я тады быў у меншасці.
Еўрапейцы ўжо не былі гатовыя змагацца за яго ў выпадку канфлікту. А да 2010-га якраз быў ключавы момант, бо была іншая сітуацыя: нядаўна адбылася вайна ў Грузіі, і тады Еўропа сапраўды хацела за яго пабарацца, таму і прапаноўвала яму многае.
Чаму ён тады выбраў Маскву? Таму што бачыць свет, як Пуцін. Умоўна, у іх разуменні дыктатура — гэта добра, а дэмакратыя — дрэнна.
— То-бок у той момант ён яшчэ мог самастойна прыняць рашэнне, а цяпер, аналізуючы яго стаўленне да сітуацыі на Блізкім Усходзе, ён сам робіць гэты выбар, як вы кажаце, паміж крэсламі?
— Адкажу так: ён робіць гэты выбар сам у сілу адсутнасці альтэрнатывы.
Прыкладна так ён патлумачыў і напад на Украіну: маўляў, мы ж не ведалі, куды пойдуць расійскія войскі, яны мусілі вярнуцца назад у РФ, але чамусьці пайшлі ва Украіну.
Цяпер у яго такая лінія: я тут ні пры чым, хлопцы, мяне трымаюць за горла. І гэта менавіта так. Ён дагуляўся, але гэтую яму ён выкапаў сабе сам і, безумоўна, гэта разумее.
— Як вы тлумачыце тое, што ў некаторых беларусаў з'яўляюцца ілжывыя надзеі, гледзячы на Іран?
— Тут не можа быць ніякіх прамых паралеляў па цэлым шэрагу прычын. І галоўная з іх у тым, што ніхто на Захадзе не пойдзе на канфлікт, які можа прывесці да прамой вайны з Расіяй.
З часоў Карыбскага крызісу ў 1962 годзе Захад запомніў, што эскалацыя ў адносінах з Расіяй магчымая да таго ўзроўню, пакуль не становіцца верагодным прымяненне ядзернай зброі. У Іране ядзернай зброі не было, інакш ён ужо яе прымяніў бы.
Другое, чаму не варта праводзіць паралелі, — гэта ў прынцыпе адрозненні паміж еўрапейскім, у прыватнасці постсавецкім, грамадствам і ўсходнім, а менавіта — іранскім.
У нас нават дэмаграфія іншая. У нас мала моладзі, ваяваць нікому не хочацца. І не толькі ваяваць — нават пратэставаць супраць дыктатур, перайшоўшы пэўную мяжу, таксама нікому не хочацца.
Беларускія пратэсты 2020 года гэта пацвердзілі. Людзі выходзілі на мірны пратэст. Калі ім далі зразумець, што гэты пратэст можа скончыцца вялікай крывёю, пратэст спыніўся. Так было і ў Расіі ў 2012 годзе.
У Іране ўсё інакш. Там пратэсты адбываюцца даволі рэгулярна, пры гэтым дыктатура там значна больш жорсткая нават у параўнанні з нашай. У апошніх пратэстах загінулі дзясяткі тысяч чалавек, як вы ведаеце.
— А для Лукашэнкі гэтыя падзеі абмяжуюцца спачуваннямі ці будуць яшчэ нейкія высновы і, можа, нават наступствы?
— Не магу залезці да яго ў галаву, але лагічна, напэўна, у яго мог узнікнуць пытанне: ці можа хтосьці зрабіць са мною нешта падобнае, і хто?
Увогуле, мне здаецца, што ў такіх людзей, якія прабылі пры ўладзе столькі гадоў, вельмі нестабільны псіхалагічны стан у гэтым плане. Яны ўвесь час думаюць пра пагрозы. Інакш навошта ўсе гэтыя спецслужбы, якія назіраюць адна за адной?
Урэшце, былі часы, калі проста падчас параду забілі прэзідэнта Егіпта Анвара Садата (6 кастрычніка 1981 года): проста пад'ехалі да яго трыбуны і расстралялі.
Як тут не мець схільнасці да параноі. Вядома, любое забойства дыктатара ў такіх, як Лукашэнка і Пуцін, выклікае душэўны дыскамфорт.
У гэтым і палягае прынцыповае адрозненне: у дэмакратычных краінах сыходзіць ад улады не страшна, цябе не заб'юць. А пры падобных рэжымах страшна, і яны вымушаныя пра гэта думаць. А тут такое красамоўнае напамінанне.
Так вось, калі Лукашэнка будзе разважаць, хто можа зрабіць падобнае са мною, ці можа Захад спрабаваць змяніць рэжым і ці магу я нешта зрабіць, каб папярэдзіць сумны канец, баюся, ён упрэцца ў тупік.
Здаецца, трэба ісці на паляпшэнне адносін з Захадам, аднак тут ніякіх гарантый няма. Адносіны можна палепшыць, а можна паўтарыць лёс Кадафі, які, здавалася, памірыўся з усімі, выканаў усе патрабаванні, нават пачаў ездзіць з візітамі. Але яго ўсё роўна забілі, і Захад дапамог.
З іншага боку, калі не дамаўляцца, таксама можа здарыцца што заўгодна. Як сказаў, выбару няма.
Калі на гэтае ж пытанне «хто можа пазбавіць мяне ўлады?» ён адкажа «Пуцін», тут ужо зусім іншая гісторыя. Здаецца, тады трэба бегчы на Захад і дамаўляцца, але, як кажуць, рады ў рай ды грахі не пускаюць.
З-за гэтага ў яго і атрымліваюцца такія «круглыя» тэксты спачуванняў — і нашым, і вашым.
У любым выпадку, падкрэслю, для ўсіх, хто разглядае варыянт маўляў, калі Лукашэнка пасябруе з Трампам і Еўропай — і адразу стане добра, — гэтага не будзе. Мы гэта ўжо праходзілі. Больш гэта немагчыма.
Што да наступстваў, то ўплыў таго, што адбываецца, можа быць не прамым, а ўскосным, праз Украіну.
Уявім сітуацыю, што ўзброенае супрацьстаянне ў Іране будзе нядоўгім, рэжым змятуць і настане нейкая стабільнасць, не дэмакратыя, вядома, але без аятал.
У такім выпадку зразумела, што будзе рабіць Трамп. Ён падніме іранскі выпадак на шчыт, скажа: малайцы, усё хутка і танна зрабілі, — і з гэтым пойдзе на лістападаўскія выбары ў Кангрэс. Яны для яго вельмі важныя.
Але пры гэтым яму не трэба будзе займацца Украінай, ён увогуле можа страціць да яе цікавасць, таму што ў кожнай прамове будзе праз слова ўзгадваць Іран.
Ён страціць цікавасць найперш да перамоваў і да ўрэгулявання канфлікту ў цэлым. І Масква можа гэтым скарыстацца. Атрымаецца ў яе ці не — паглядзім, але не выключаю, што баявыя дзеянні яны могуць інтэнсіфікаваць.
Калі ж будзе ўсё інакш — яны пабамбяць, сур'ёзна, можа, нават доўга, а змены рэжыму не адбудзецца, — тады давядзецца адыходзіць і зноў казаць: мы не будзем пасылаць туды войскі, няхай іранцы цяпер бяруць уладу ў свае рукі, мы ўжо дапамаглі, пазбавілі Іран здольнасці вырабляць ядзерную зброю, гэта поспех і ўсё ў тым жа духу.
Але ў такім выпадку ён можа дадаць: паглядзім яшчэ, што зможам зрабіць ва Украіне. То-бок, калі ў Іране нічога не атрымаецца, яму давядзецца вяртацца да ўкраінскага пытання і працягваць ціснуць на Пуціна. А гэта, як правіла, адбіваецца на Лукашэнку.
Але ў любым выпадку, чым бы ні скончыўся гэты канфлікт, беларускаму кіраўніку лягчэй не стане. Вангую, што цяпер ягоныя візіты ў Маскву і тэлефонныя размовы з Пуціным пакідаюць непрыемны асадак.
Гэта нам яны кажуць, што абмеркавалі, там, юбілеі «саюзнай дзяржавы» або ўзгаднілі праграмы інтэграцыі. Але ж зразумела, што Лукашэнка едзе туды па грошы, і, зразумела, што ён іх не атрымлівае.
Уся эканамічная дапамога Беларусі ў апошнія гады абмяжоўваецца толькі падаўжэннем адтэрміноўкі выплаты папярэдніх пазык. Новых «жывых» грошай няма. І, падаецца, не будзе.
Калі канфлікт зацягнецца і адаб'ецца на коштах на нафту, то Расія, магчыма, атрымае крыху больш грошай, але і тут не факт, што захоча падзяліцца з Лукашэнкам.