10 красавiка 2026, Пятніца, 13:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі доўга не атрымліваецца, варта задумацца пра замену пашпарта»

13
«Калі доўга не атрымліваецца, варта задумацца пра замену пашпарта»

Беларуска сутыкнулася з рэдкай праблемай падчас запісу на польскую візу.

Нядаўна карыстальніца Threads Яна паведаміла пра праблему, з якой сутыкнулася падчас рэгістрацыі на польскую візу. Сістэма не распазнае яе сэлфі, якое яна сама і робіць. У выніку дзяўчына не магла злавіць «акенца» для запісу. Пра гэта беларуска распавяла ў сваім акаўнце. Высветлілася, што такія складанасці не толькі ў яе, піша «Зеркало».

Адзін з этапаў рэгістрацыі на запіс на падачу дакументаў на польскую візу — фота. Чалавек, які ловіць «акенца», павінен зрабіць сэлфі. Пасля сістэма параўноўвае гэта фота з здымкам у пашпарце. Працэдура патрэбная, каб пераканацца: заяўнік усё робіць сам. На гэтым этапе ў Яны і ўзнікла праблема.

— Пытанне, чаму мяне падчас некалькіх «раздач» на візу не распазнавала на верыфікацыі, адпаў сам сабой, — іранічна напісала дзяўчына ў Threads, прыклаўшы здымак з верыфікацыйнага фота і старонку з пашпарта.

За дзень яе пост набраў больш за 400 тысяч праглядаў. Пад ім — звыш 250 каментарыяў. У некаторых з іх людзі публікавалі свае сэлфі, зробленыя пры рэгістрацыі.

«Прабачце», — напісала ўдзельніца размовы Анастасія і прыклала свае здымкі.

«Вы думалі, што зло — гэта фота на пашпарт, але вэб-камера і абмежаванне ў дзесяць секунд — яшчэ большае зло», — пажартавала карыстальніца Юлія.

«Самае шчаслівае фота з усіх выбралі <�…>», — падзялілася меркаваннем удзельніца размовы Анастасія.

У «трэдзе» таксама былі тыя, хто жартаваў наконт здымкаў падчас верыфікацыі і ў сваіх дакументах.

«У мяне было тое самае. На фота пры верыфікацыі выглядала, быццам пасля трохдзённага запою»;

«Мяне на мяжы пастаянна высаджвалі і па пяць разоў правяралі: прыбяры чолку, павярніся, распусці валасы, збяры валасы. Урэшце распішыся»;

«Я праз „памагатара“ запісаўся з першага разу. Да верыфікацыі яны вельмі адказна падыходзілі. Трэба было зрабіць не менш як 120 кароткіх відэа (нейтральная сцяна, зачыненыя фіранкі, яркасць экрана на максімуме). Замучыўся рабіць 120 відэа, але ў выніку [запісаўся] з першага разу. Пашпарту ўжо сем гадоў, я таксама не вельмі падобны на фота ў пашпарце»;

«Вы маёй унучкі не бачылі. Ёй было шэсць месяцаў, а на фотцы на пашпарт — галоўная бухгалтарка калгаса „Сто гадоў без ураджаю“».

Візавая экспертка Анастасія Лысоковская пацвярджае: праблема распазнавання сэлфі пры рэгістрацыі на польскія візы сапраўды здараецца. Але бывае гэта нячаста. Асноўным чынам — калі ў чалавека ў пашпарце і ў жыцці ёсць крытычныя разыходжанні ў знешнасці. Напрыклад, зрабіў пластыку, адрасціў бараду, быў лысы, а цяпер з шавялюрой, або змяніў колер валасоў.

— У такіх выпадках прайсці верыфікацыю будзе складана. Трэба, скажам так, «падганяць» сябе пад фота ў пашпарце, — кажа Анастасія. — Калі доўга спрабуеце і ўсё роўна на этапе верыфікацыі сістэма не прымае здымак, варта задумацца пра змену дакумента. Я ведаю пра адзін такі выпадак. Чалавек некалькі месяцаў не мог злавіць «акенца» з-за сэлфі. У выніку замяніў пашпарт, і праблема вырашылася.

Паводле слоў эксперткі, рабіць сэлфі для верыфікацыі таксама варта правільна.

— Фота трэба рабіць у памяшканні, на аднастайным фоне, насупраць сцяны. Можна сядзець або стаяць, прыціснуўшыся да яе. Святло павінна быць прыглушанае, памяшканне паўцемравае, — інструктуе суразмоўніца. — Фатаграфавацца без акуляраў, без зума (твар не павінен быць набліжаны камерай. — Заўв. рэд.), у кадры не міргаць. На тэлефоне варта ўсталяваць максімальную яркасць. Абавязкова трымаць прыладу на ўзроўні вачэй і шырока адкрываць вочы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках