У небе над ЗША выбухнуў сямітонны метэор
3- 18.03.2026, 20:39
- 1,976
Касмічны аб’ект быў бачны няўзброеным вокам.
Вялікі метэор масай каля сямі тон увайшоў у атмасферу Зямлі над амерыканскім штатам Агаё. Касмічны аб’ект рухаўся са хуткасцю прыблізна 72 тысячы кіламетраў на гадзіну і разваліўся ў атмасферы, выклікаўшы магутны хлопак, які многія жыхары прынялі за выбух. Пра гэта паведамляе выданне AP News.
Метэор упершыню заўважылі на вышыні каля 80 кіламетраў над возерам Эры. Дыяметр касмічнага аб’екта складаў каля 1,8 метра. Ён праляцеў каля 55 кіламетраў праз верхнія слаі атмасферы і разваліўся над паўночнай часткай штата Агаё. Аднак яркі вогненны шар заўважылі жыхары адразу некалькіх штатаў — ад Вісконсіна да Мэрыленда.
Паводле даных Амерыканскага метэорнага таварыства, метэор праляцеў па небе каля дзевятай раніцы і быў бачны няўзброеным вокам, што бывае даволі рэдка для такіх з’яў.
Падчас распаду касмічнага аб’екта выдзелілася энергія, эквівалентная прыблізна 250 тонам трацілу — жыхары рэгіёна пачулі гучны гул, а супрацоўнікі Нацыянальнай метэаралагічнай службы нават адчулі вібрацыю.
Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША пацвердзіла рэгістрацыю ўдарнай хвалі. Паведамленняў пра знойдзеныя фрагменты пакуль не паступала, аднак спецыялісты дапускаюць, што невялікія ўламкі маглі дасягнуць паверхні.