Галоўнага трэнера футбольнага клуба «Нёман» выклікалі ў міліцыю
1- 16.03.2026, 16:22
- 2,024
Ігар Кавалевіч прапусціць трэніроўку каманды.
Па інфармацыі прэс-службы «Нёмана», Ігар Кавалевіч выкліканы ў міліцыю ў Брэсце для дачы тлумачэнняў наконт інцыдэнту з суддзямі, які адбыўся 11 лютага падчас турніру Winter Cup, піша DzikMedia. Тады, паводле афіцыйнай версіі, 11 лютага ў брэсцкім манежы трэніраваліся арбітры.
Да іх падышоў галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч, у якога праз гадзіну на тым жа полі пачынаўся таварыскі матч. Трэнер нібыта без якіх-небудзь відавочных прычын пачаў абражаць суддзяў, у тым ліку выкарыстоўваючы нецэнзурныя словы. У выніку на яго ў судзейскі дэпартамент было пададзена каля 10 рапартаў. Цяпер сітуацыя выйшла за межы футбольнай бурбалкі.
Нагадаем, што ў 2020 годзе Ігар Кавалевіч выходзіў на гульні ў майцы з «Пагоняй», але пазней падпісаў ліст спартсменаў у падтрымку рэжыму. Адначасова з вясны 2025 года Кавалевіч — пастаянны ўдзельнік ідэалагічных футбольных матчаў прадстаўнікоў улады. У пачатку сакавіка мінулага года ў складзе каманды Гродзенскай вобласці ён гуляў у Лідзе, дзе выходзіў на пляцоўку палаца спорту «Алімпія» разам з Юрыем Караевым, які тады выконваў абавязкі старшыні аблвыканкама. Сапернікам была каманда Лідскага раёна, якой кіраваў Аляксандр Версоцкі, шматгадовы гродзенскі ідэолаг, што прызнаўся ў любові да Расіі.
Кажуць, што ў Кавалевіча былі цесныя адносіны з Караевым: у 2020 годзе апошні ўзначальваў сілавікоў рэжыму і асабіста кіраваў падаўленнем пратэстаў. Але восенню мінулага года паміж імі адбыўся канфлікт — нібыта на глебе грошай, якія «Нёман» зарабіў у еўракубках. А гэта больш за мільён еўра. Тады клуб з Гродна праваліў канцоўку сезона і не трапіў у еўракубкі, аднак Кавалевіч захаваў сваю пасаду. Нядаўна «Нёман» пад кіраўніцтвам Кавалевіча выйграў Суперкубак Беларусі.