17 красавiка 2026, Пятніца, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША накіравалі ў Іран экспедыцыйны корпус марской пяхоты

26
ЗША накіравалі ў Іран экспедыцыйны корпус марской пяхоты

(Абнаўляецца) Анлайн-трансляцыя падзей шаснаццатага дня вайны.

На Блізкім Усходзе працягваецца амерыкана-ізраільская аперацыя супраць Ірана.

Сайт Charter97.org сочыць за развіццём падзей на працягу шаснаццатага дня вайны.

21:55 Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху абверг чуткі пра сваю смерць у відэа, запісаным у кавярні.

У роліку, апублікаваным на старонцы палітыка ў X, мужчына за кадрам пытаецца: «У інтэрнэце пішуць, што вы памерлі». На гэта Нетаньяху з гумарам паказвае пальцы на руках, дэманструючы, што іх не шэсць, і дадае: «Я люблю каву і да смерці люблю сваіх людзей. Вось як яны сябе паводзяць — гэта фантастыка. Хочаш палічыць пальцы? Магу паказаць, вось бачыш?»

Зазначым, днямі іранскія прапагандысты пачалі разганяць чуткі, што прэм'ер Ізраіля нібыта загінуў, а апошнія відэа з ім згенераваныя з дапамогай штучнага інтэлекту, і што на апошніх кадрах у Нетаньяху нібыта шэсць пальцаў.

18:18 Высокапастаўлены прадстаўнік Ізраіля заявіў, што ў кіраўніцтве Ірана пачынаюць праяўляцца «прыкметы расколу».

Пра гэта паведамляе партал The Times of Israel. Паводле слоў чыноўніка, дзеянні Ізраіля скіраваныя на тое, каб стварыць умовы, пры якіх дзеючы іранскі рэжым можа страціць уладу.

«Мы фарміруем сітуацыю, у якой магчымая змена рэжыму. У канчатковым выніку многае будзе залежаць ад самога іранскага народа», — адзначыў ён.

Пры гэтым суразмоўца выдання падкрэсліў, што змены ў Іране могуць заняць пэўны час, аднак гаворка не ідзе пра бясконцае супрацьстаянне. Паводле яго, развіццё падзей адбываецца хутчэй, чым чакалася.

17:35 Абяцанне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разблакаваць Армузскі праліў, які мае найважнейшае значэнне ў сусветных пастаўках нафты і газу, сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі. Як піша The Wall Street Journal, дэблакада ўзгаданага маршруту магчымая толькі двума спосабамі: суправаджэннем камерцыйных суднаў баявымі караблямі або шляхам захопу іранскага ўзбярэжжа каля праліву. Аднак абодва гэтыя варыянты звязаныя з цяжкасцямі. Так, для арганізацыі мараскіх канвояў спатрэбіцца каля дзясятка ваенных караблёў. Іх таксама павінны падтрымліваць баявыя самалёты і цяжкія ўдарныя беспілотнікі. У такім выпадку гэтыя сілы змаглі б размініраваць акваторыю, прадухіляць паветраныя атакі і перахопліваць хуткаходныя ўдарныя катэры, якімі валодае Іран. Але нават пры такім сцэнары аднаўленне поўнавартаснага руху суднаў будзе складаным. Паводле разлікаў аналітыкаў Lloyd’s List Intelligence, у лепшым выпадку трафік удасца аднавіць толькі да прыкладна 10% даваенных паказчыкаў.

15:28 ЗША накіравалі на Блізкі Усход дэсантны карабель USS Tripoli з марскімі пяхотынцамі.

Шматмэтавы дэсантны карабель USS Tripoli (LHA-7) тыпу America пакінуў базу ў японскім Сасэба і накіроўваецца на Блізкі Усход. На борце знаходзіцца 31-ы экспедыцыйны атрад марской пяхоты — каля 2500 марскіх пяхотынцаў разам з авіяцыйным і баявым кампанентам. Паводле слоў амерыканскіх службовых асобаў, перакідка гэтага фарміравання зойме ад аднаго да двух тыдняў.

10:52 Сын ліквідаванага вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі Маджтаба Хаменеі быў таемна вывезены ў Маскву на расійскім ваенным самалёце і праходзіць лячэнне на тэрыторыі Расіі. Пра гэта паведамляе кувэйцкая газета «Аль-Джарыда». Паводле звестак выдання, эвакуацыя праводзілася ў межах сакрэтнай аперацыі пасля таго, як Маджтаба Хаменеі атрымаў раненні. Сцвярджаецца, што пасля вылету з Ірана ён быў дастаўлены ў Расію, дзе цяпер праходзіць лячэнне. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі з боку Тэгерана або Масквы пакуль не паступала.

09:44 Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп паставіў пад сумнеў, што новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі жывы. Падставай для сумненняў стала тое, што Хаменеі не з'явіўся перад камерай. Маджтаба Хаменеі 13 сакавіка выклаў у сетцы сваю першую пісьмовую заяву як лідар Ірана, замест таго, каб з'явіцца перад камерай і агучыць яе. Менавіта гэта стала падставай для чутак пра тое, што ён можа быць мёртвы.

09:24 Іранскія беспілотнікі атакавалі аддзяленні амерыканскага банка Citibank у Дубаі і сталіцы Бахрэйна Манаме, паведамляе іранскае агенцтва Tasnim. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) пацвердзіў нанясенне удараў.

08:56 Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра поўнае знішчэнне ваеннага патэнцыялу Ірана, але папярэдзіў, што краіна ўсё яшчэ здольная наносіць прыцэльныя ўдары па суднаходстве, і заклікаў сусветных лідараў далучыцца да аховы Армузскага праліву. У сваім паведамленні ў Truth Social амерыканскі лідар звярнуўся да Кітая, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і Паўднёвай Карэі з заклікам накіраваць ваенныя караблі ў стратэгічную марскую артэрыю для сумеснага патрулявання.

08:37 Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагразіў новымі ўдарамі па іранскай выспе Харг, якая з'яўляецца ключавым цэнтрам экспарту іранскай нафты. Паводле яго слоў, калі Тэгеран паспрабуе заблакаваць Армузскі праліў, ЗША могуць правесці новыя атакі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках