Вучоныя знайшлі незвычайны спосаб кінуць курыць
8- 11.03.2026, 18:55
- 2,126
Дапамогуць грыбы.
Амерыканскія даследчыкі пратэставалі незвычайны спосаб барацьбы з курэннем — тэрапію з выкарыстаннем псілацыбіну, псіхаактыўнага рэчыва з так званых «магічных грыбоў». У эксперыменце ён аказаўся значна больш эфектыўным за стандартнае лячэнне з нікацінавымі пластырамі і псіхатэрапіяй. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе JAMA Network Open.
У даследаванні ўдзельнічалі 82 псіхічна здаровыя асобы са сярэднім узростам 47,6 года. Поўны цыкл назірання, уключаючы кантроль праз шэсць месяцаў, прайшлі 68 добраахвотнікаў.
Удзельнікаў выпадковым чынам падзялілі на дзве групы. 35 чалавек атрымалі тэрапію з псілацыбінам пад медыцынскім наглядам, а 33 — стандартнае лячэнне: 13-тыднёвую кагнітыўна-паводзінскую тэрапію ў спалучэнні з нікацінавым пластыром.
Праз паўгода вынікі істотна адрозніваліся. Сярод удзельнікаў, якія прымалі псілацыбін, у 17 чалавек біяхімічныя тэсты не выявілі слядоў курэння на працягу доўгага часу. У групе з нікацінавымі пластырамі такога выніку дасягнулі толькі чатыры чалавекі.
Даследчыкі адзначаюць, што ўдзельнікі эксперыменту былі зацятымі курцамі: у сярэднім яны выкурвалі 15,7 цыгарэт у дзень і ўжо рабілі каля шасці няўдалых спроб адмовіцца ад курэння.
Істотных пабочных эфектаў у людзей, якія атрымалі псілацыбін, не зафіксавалі. Падчас сеансу пацыенты знаходзіліся пад наглядам лекараў ад васьмі да дзевяці гадзін.
Паводле слоў аўтараў працы, вынікі паказваюць, што тэрапія з псілацыбінам можа прыводзіць да працяглай адмовы ад курэння амаль у палове выпадкаў. Гэта значна вышэй за паказчыкі стандартнай антынікацінавай тэрапіі: у іншых даследаваннях толькі адзін з 12 чалавек, якія выкарыстоўваюць нікацінавыя пластыры, змог надоўга адмовіцца ад цыгарэт.
Пры гэтым вучоныя падкрэсліваюць: падобныя эксперыменты павінны праводзіцца толькі пад медыцынскім кантролем. Спробы паўтарыць такі досвед самастойна не толькі незаконныя ў многіх краінах, але і могуць скончыцца траўмамі з-за неасцярожных дзеянняў падчас уздзеяння рэчыва.
Курэнне застаецца адной з галоўных прычын перадчаснай смяротнасці ў свеце. Па ацэнках даследчыкаў, штогод ад яго наступстваў — перш за ўсё інфарктаў і інсультаў — паміраюць больш за 7 млн чалавек. Для параўнання: ад алкаголю гінуць да 3 млн чалавек у год, а ад усіх тыпаў наркотыкаў — каля 600 тыс.