5 сакавiка 2026, Чацвер, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці варта чакаць чаго-небудзь ад перамоў

5
Ці варта чакаць чаго-небудзь ад перамоў
Пятро Алешчук

«Працэс дзеля працэсу» без «вялікай здзелкі».

Чарговы раўнд трохбаковых кансультацый у Абу-Дабі (запланаваны на 4–5 лютага 2026 года) стаў працягам распачатага ў студзені перамоўнага фармату пры пасярэдніцтве ЗША.

Логіка лютаўскага раўнда прачытваецца толькі ў сувязі з падзеямі папярэдніх тыдняў. Па-першае, гэта абвастрэнне ўдараў РФ па энергетычнай інфраструктуры Украіны ў марозны перыяд. Па-другое — эвалюцыя рамкі перамоў, дзе тэрытарыяльны кампанент і гарантыі бяспекі застаюцца найбольш канфліктнымі тэмамі.

Публічныя пазіцыі бакоў у лютаўскім раўндзе можна апісаць як не надта канкрэтныя. Украіна і ЗША дэталізуюць рамку (што менавіта абмяркоўваецца, у якіх фарматах), тады як РФ часцей падкрэслівае незменнасць «умоваў» і працяг вайны да «патрэбных рашэнняў» Кіева.

У больш шырокай рамцы перамоў Крэмль у студзені публічна звязваў магчымасць пагаднення з тэрытарыяльнай умовай. «Уступкай» усёй тэрыторыі Данбаса. Гэты элемент важны для інтэрпрэтацыі «незменнасці пазіцыі», пра якую гаварылі ў лютым.

Нягледзячы на закрытасць зместу, з публічных выступаў і кантэксту студзеньскага раўнда праглядаюцца некалькі «вузлоў», ад якіх залежыць не толькі вынік гэтага кірунку, але і геапалітычныя наступствы.

Першы вузел — механіка спынення агню і параметры дээскалацыі, уключаючы спыненне ўдараў па крытычнай інфраструктуры. Украінская і еўрапейская рыторыка наўпрост прывязвае перамовы да праблемы «зімовай кампаніі» РФ супраць энергетыкі.

Другі вузел — тэрытарыяльнае ўрэгуляванне, дзе Данбас у публічнай плоскасці абазначаецца як галоўная кропка разыходжанняў.

Трэці вузел — гарантыі бяспекі і механізм рэагавання на магчымыя парушэнні перамір’я. У публічнай дыпламатыі Украіны і партнёраў гэты блок набывае шматузроўневы характар.

Па стане на 5 лютага можна паспрабаваць вылучыць тры базавыя сцэнары далейшага развіцця падзей.

«Працэс дзеля працэсу» без «вялікай здзелкі»

Гуманітарныя крокі, тэхнічныя дамоўленасці па зніжэнні рызык эскалацыі. Усё, каб паказаць галоўнаму гледачу (прэзідэнту ЗША Д. Трампу), што бакі яго паважаюць, паважаюць яго мірныя ініцыятывы, гатовыя весці перамовы і нават дэманстраваць нейкі «канструктыў». Але далей за дэманстрацыю не ісці.

Паступовае «складанне» рамкі спынення агню з шматузроўневым маніторынгам і гарантыямі. Нягледзячы ні на што, фармат спынення агню ўсё ж такі адпрацоўваецца, але застаецца пытанне пра палітычнае рашэнне. І тут галоўная праблема — у расійскім дыктатары. Калі Пуцін будзе гатовы спыніць агонь? І ці будзе ўвогуле? Ці можа на гэта паўплываць крызіс у расійскай эканоміцы? Адказаў на гэтыя пытанні ні ў каго няма.

Затягванне/імітацыйная дынаміка

Кантакты працягваюцца, але РФ не змяняе базавыя ўмовы, а Украіна і партнёры адказваюць узмацненнем санкцый і вайсковай падтрымкі. Тут будзе важна, як на зацягванне і імітацыю будуць рэагаваць «Захад» і ЗША? Ці будуць санкцыі? Ці будзе ціск на Расію? Калі будзе, то «фармат Абу-Дабі» урэшце можа пэўным чынам узмацніць пазіцыі Украіны.

У выніку лютаўскі раўнд варта разглядаць не як «момант ісціны» ў сэнсе неадкладнага палітычнага фіналу, а як праверку здольнасці бакоў канвертаваць перамовы ў канкрэтныя крокі.

Пятро Алешчук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках