«Выбухоўку вырабіла ўласнаручна пад кіраўніцтвам куратараў з ФСБ»
6- 22.02.2026, 14:37
- 6,368
Журналіст распавёў новыя падрабязнасці пра верагодную выканаўніцу тэракту ў Львове.
Жанчына, якая можа быць выканаўніцай тэракту ў цэнтры Львава ў ноч на 22 лютага, сама вырабіла выбухоўку пад кіраўніцтвам анлайн-куратараў з Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) краіны-агрэсара РФ.
Пра гэта распавёў журналіст Віталь Глагола са спасылкай на крыніцы.
Паводле яго слоў, падазраваную затрымалі ў горадзе Самбір, калі яна спрабавала пакінуць Львоўскую вобласць.
«Гэта грамадзянка Украіны, якая прыехала з іншага рэгіёна. Выбухоўку, папярэдне, яна вырабляла ўласнаручна паводле дакладных анлайн-інструкцый куратараў ФСБ, якія яе завербавалі», — гаворыцца ў публікацыі Глаголы, размешчанай у яго Telegram-канале.
Ён дадаў, што паралельна следчыя дзеянні працягваюцца яшчэ ў адной вобласці.
У ноч на 22 лютага у Львове прагрымелі выбухі. Мэр горада Андрэй Садовы паведаміў пра тэракт, у выніку якога загінула паліцыянтка.
Пазней Нацыянальная паліцыя Украіны паведаміла, што колькасць параненых у выніку тэракту ў Львове павялічылася да 24.
Там распавялі, што каля 00:30 на спецлінію 102 паступіла паведамленне пра пранікненне ў краму на вуліцы Данілішына.
«Па прыбыцці на месца здарэння экіпажа патрульнай паліцыі адбыўся выбух. Пазней, калі прыбыў другі экіпаж, прагрымеў яшчэ адзін», — гаворыцца ў паведамленні паліцыі.
Папярэдне ўстаноўлена, што здэтанавалі самаробныя выбуховыя прылады.
У выніку тэракту загінула паліцыянтка Вікторыя Шпілька. Ёй было 23 гады.
Усяго колькасць параненых у выніку тэракту складае 25 чалавек, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Цяпер у медустановах знаходзяцца 11 чалавек. Шасцёра праваахоўнікаў — у цяжкім стане, дадаў пазней міністр унутраных спраў Ігар Кліменка.
Ён таксама паведаміў, што паліцыя разам з СБУ затрымалі верагодную падрывніцу львоўскіх праваахоўнікаў.
Распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 258 Крымінальнага кодэкса Украіны (тэрарыстычны акт, які пацягнуў цяжкія наступствы).