19 лютага 2026, Чацвер, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Гродзеншчыне адраджаюць старадаўняе ткацтва

2
На Гродзеншчыне адраджаюць старадаўняе ткацтва

Майстэрню плануюць уключыць у турыстычныя маршруты рэгіёна.

У аграгарадку Квасоўка, што недалёка ад Гродна, адраджаюць традыцыйнае ткацтва Гродзеншчыны. У мясцовым цэнтры культуры ствараюць паўнавартасную ткацкую майстэрню, дзе будуць працаваць паводле старадаўніх народных тэхналогій. Тут, у тым ліку, хочуць адраджаць тэхніку двайнога ткацтва — традыцыйную для нашага рэгіёна, піша Hrodna.life.

У аграгарадку Квасоўка, што недалёка ад Гродна, адраджаюць традыцыйнае ткацтва Гродзеншчыны. У мясцовым цэнтры культуры ствараюць паўнавартасную ткацкую майстэрню, дзе будуць працаваць паводле старадаўніх народных тэхналогій. Тут, у тым ліку, хочуць адраджаць тэхніку двайнога ткацтва — традыцыйную для нашага рэгіёна.

Асноўнае абсталяванне набыта за кошт прэзідэнцкага гранта, які атрымала гродзенская майстрыца габеленаў Алена Шунейка. Грант накіраваны на рэалізацыю праекта «Ад пражы да ткацтва» — ягоная мэта захаваць і вярнуць да жыцця традыцыйныя спосабы ручнога ткацтва.

Цяпер майстры асвойваюць складаную тэхніку двайнога ткацтва і ствараюць рэплікі элементаў мужчынскага, жаночага і дзяўочага строяў Гродзенскага рэгіёна.

Ткацтва — карпатлівы і працаёмкі працэс

Як расказвае кіраўніца гуртка «Тэкстыльная майстэрня» Яўгенія Станіна, толькі на адну заправу кроснаў ідзе ад 10 да 14 кіламетраў нітак асновы. Напрыклад, для воўненага палатна выкарыстоўваецца каля 800 нітак, а для кашулі — да 1400. Кожную нітку трэба дакладна паставіць на сваё месца і сачыць, каб яны не заблыталіся.

Традыцыйным рамяством у Квасоўцы займаюцца і мужчыны. Напрыклад, гукарэжысёр Яўген Мармыш асвойвае ткацтва паясоў на дошчачках — адну з распаўсюджаных беларускіх тэхнік. У залежнасці ад павароту дошчачак на поясе з’яўляецца просты ўзор «ялыначка».

— Ёсць і іншая тэхніка: пры кожным павароце дошчачак загадзя разлічваецца, якія з іх трэба павярнуць, а якія пакінуць. У выніку з’яўляецца ўзор — напрыклад, «змейка», — кажа ён.

У планах — прыцягваць турыстаў

Адкрыць ткацкую майстэрню, якую плануюць уключыць у турыстычныя маршруты рэгіёна, хочуць увосень 2026 года. У мясцовым цэнтры культуры спадзяюцца, што яна стане кропкай прыцягнення для турыстаў і дазволіць ім не толькі ўбачыць традыцыйны побыт, але і паўдзельнічаць у рамесных занятках.

Як адзначае загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці Дзяніс Балабуеў, у планах — прыём турыстычных груп, правядзенне майстар-класаў па ткацтве і танцах, продаж сувеніраў, а таксама, магчыма, дэгустацыя традыцыйных беларускіх напояў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках