16 лютага 2026, панядзелак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Якуціі затрымалі «героя СВА», якога падазраюць у чацвёртым забойстве

3
У Якуціі затрымалі «героя СВА», якога падазраюць у чацвёртым забойстве
Віктар Саўвінаў

Раней судзімага акупанта затрымалі пасля вяртання з фронту.

У Якуціі ўдзельніка вайны з Украінай Віктара Саўвінава, якога двойчы выпускалі з калоніі на фронт, затрымалі па падазрэнні ў чацвёртым забойстве. Крыніцы «Эха сталіцы» паведамілі, што 38-гадовага рэцыдывіста затрымалі 15 лютага. Упершыню Саўвінава асудзілі за забойства жанчыны ў 2020 годзе, прысудзіўшы да 11 гадоў пазбаўлення волі, але ўжо ў 2023-м ён завербаваўся на вайну. Не пазней лютага 2024 года «герой СВА» вярнуўся ў родную вёску Кутана, дзе здзейсніў ужо двайное забойства.

Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, 23 лютага Саўвінаў напіўся і пачаў абурацца, што яму не аказваюць ушанавання як удзельніку вайны. Потым ён забіў ломам сабутэльніка, а пасля напаў з сякерай на ўдаву свайго дзядзькі, пераможцу конкурсу «Лепшы настаўнік Расіі» Валянціну Фёдараву, якая скардзілася ўчастковаму на яго. За гэта ў кастрычніку 2024 года Саўвінаў атрымаў 20 гадоў калоніі, аднак у ліпені 2025-га ён зноў адправіўся на вайну. Дачка забітай настаўніцы паведаміла, што восенню ён апынуўся ў шпіталі ў Бураціі з-за ранення, адкуль уцёк і вярнуўся ў Якуцію.

«З канца верасня я тэлефанавала і пісала лісты ў праваахоўныя органы і Ваенную пракуратуру, што ён тут у ўцёках, што ён небяспечны! Але атрымлівала толькі адпіскі. Паўгода я жыла ў страху за сваіх дзяцей і родзічаў. А ўчора я даведалася, што ён забіў чалавека», — адзначыла яна.

Паводле інфармацыі журналісткі Кацярыны Чэмязавай, Саўвінаў учыніў новае злачынства 14 лютага: яго падазраюць у «забойстве людзей» — гэта значыць, ахвяр можа быць некалькі.

Да першага забойства Саўвінаў неаднаразова быў асуджаны за прычыненне цяжкай шкоды здароўю, крадзяжы, угон машын, пагрозу забойствам, разбой і замах на рабаванне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках