Чарговы раўнд размоваў ці пачатак дзеянняў
- Пятро Алешчук
- 16.02.2026, 11:34
- 2,218
Сігналы з ЗША ў Мюнхене неадназначныя.
У сярэдзіне лютага 2026 года ў Мюнхене зноў сабралася сусветная палітычная эліта. У гатэлі «Bayerischer Hof» абмяркоўваюць знішчаны вайной парадак, пагрозы НАТА, ядзерны шантаж і расійскую агрэсію. Фармальна гэта «звычайная» Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. Па сутнасці ж гэта яшчэ адна спроба адказаць на галоўнае пытанне: ці будзе Захад з Украінай да канца, ці пачне рыхтаваць «прыгожы выхад» з вайны коштам украінскіх інтарэсаў.
Тэма гэтага года звязаная з «разбурэннем мірапарадку» (Under Destruction). Еўропа адначасова баіцца пашырэння вайны, магчымага скарачэння ўдзелу ЗША і росту ціску Расіі і Кітая. На гэтым фоне размовы пра «пасляваенную архітэктуру бяспекі» ідуць паралельна са штодзённымі зводкамі пра ракетныя ўдары па Украіне.
Украіна зноў апынулася ў эпіцэнтры дыскусій. Выступленне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага у Мюнхене — гэта не «дыпламатычны рытуал», а спроба перахапіць ініцыятыву ў момант, калі частка заходніх эліт схіляецца да ідэі «хуткага міру» любой цаной.
Галоўныя акцэнты Зяленскага ў Мюнхене‑2026.
Украіна не падпіша «мір дзеля міру». Толькі пагадненне, якое рэальна прадухіліць новую вайну. Для гэтага Кіеў патрабуе доўгатэрміновых, мінімум 20‑гадовых гарантый бяспекі ад ЗША і саюзнікаў.
Прэзідэнт наўпрост папярэдзіў, што тэрытарыяльныя ўступкі не прынясуць міру, як не прынесла яго палітыка замірэння дыктатараў у 1930‑я гады.
Украіна настойліва патрабуе канкрэтную дату ўступлення ў Еўрапейскі саюз. Арыенцірам названы 2027 год. На палях канферэнцыі Кіеў дамогся абяцанняў пра новыя пакеты ваеннай і энергетычнай дапамогі ад еўрапейскіх саюзнікаў. З канкрэтным тэрмінам «да 24 лютага», гадавіны поўнамаштабнага ўварвання. Перш за ўсё ідзе пра ракеты СПА і падтрымку энергетыкі, што перажывае масіраваныя ўдары.
Асобная лінія — гэта дыскусія пра выбары ва Украіне. На фоне ціску з боку Дональда Трампа Зяленскі ў Мюнхене паўтарае, што выбары магчымыя, але толькі пры спыненні агню і рэальных гарантыях бяспекі, а не пад залпы расійскіх ракет. Для Украіны гэта прынцыпова. Калі пагадзіцца на выбары пад абстрэламі, гэта стане легалізацыяй права Расіі дыктаваць палітыку Украіне, пагражаючы абстрэламі.
Сігналы з ЗША ў Мюнхене неадназначныя. З аднаго боку, гучаць запэўніванні ў «гістарычным саюзе Захаду», з другога — усё часцей паўтараецца думка, што ЗША не будуць бясконца плаціць за бяспеку Еўропы, калі сама Еўропа не гатовая ўкладацца.
Паралельна працягваецца палітычны ціск на Кіеў наконт перамоваў і выбараў. Частка амерыканскага істэблішменту паўтарае пасыл, што Украіна павінна ісці на кампраміс дзеля «хутчэйшага міру» і правесці выбары, каб зняць пытанні легітымнасці.
Адказ украінскага боку ў Мюнхене будуецца вакол трох тэзісаў:
Мір магчымы толькі пасля спынення агню. Ні Зяленскі, ні іншыя ўкраінскія лідары не гавораць пра капітуляцыю або пра «замарозку» канфлікту «як ёсць». Гучыць пазіцыя: спачатку спыненне агню і рэальныя гарантыі, а потым выбары.
Кампромісы за кошт тэрыторый недапушчальныя. Публічныя заявы прэзідэнта Украіны ў Мюнхене скіраваныя на тое, каб не даць замацавацца ідэі, што «можна аддаць трошкі Данбаса або Крыму і супакоіць Пуціна».
Украіна гатовая да рэформаў і выбараў, але пры ўмове бяспекі. Гэта адказ тым, хто спрабуе падаць Кіеў як бок, што ўтрымлівае ўладу і прыкрываецца вайной.
Для Украіны жыццёва важна перанесці гэтую дыскусію з плоскасці «ўступак» у плоскасць «гарантый»: пытанне не ў тым, што аддасць Украіна, а ў тым, што зробіць Захад, каб Расія не пачала новую вайну праз некалькі гадоў.
Мюнхен‑2026 паказвае: акно магчымасцяў для Украіны яшчэ адкрыта. Еўропа і ЗША пакуль гатовыя слухаць і падтрымліваць. Але паралельна расце ціск тых, хто хацеў бы «закрыць украінскае пытанне» любой цаной.
Ад таго, наколькі дакладна Кіеў будзе фармуляваць свае інтарэсы (і ў Мюнхене, і пасля яго), залежыць, ці стане цяперашняя канферэнцыя крокам да справядлівага міру або чарговым этапам на шляху да новага, значна больш небяспечнага вітка вайны ў Еўропе.
Пятро Алешчук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org