Адзін з самых вядомых беларускіх акцёраў змяніў працу і сышоў ад расійскай «зоркі»
10- 15.02.2026, 9:55
- 15,938
У 2020-м ён звольніўся з Купалаўскага тэатра разам з большай часткай трупы.
Вядомы беларускі акцёр Павел Харланчук, які ў 2020-м звольніўся з Купалаўскага тэатра разам з большай часткай трупы, пакінуў Маскоўскі губернскі тэатр, які ўзначальвае Сяргей Безрукаў. Яго персанальная старонка на сайце калектыву цяпер недаступная, піша «Зеркало».
Калі менавіта ён пакінуў МГТ, невядома. Прычыны таксама не называліся. Яшчэ ў жніўні 2025 года Харланчук распавядаў у інтэрв'ю, што працягвае працаваць у калектыве, хоць быў заняты толькі ў двух спектаклях Маскоўскага губернскага тэатра. «Павінна была быць яшчэ пара, але не атрымалася. Яшчэ адзін замарозілі. Сяргей Вітальевіч [Безрукаў] збіраецца ставіць, нібыта, «Чайку», можа, там паўдзельнічаць… А так — акцэнт на кіно», — адзначаў Харланчук.
Нагадаем, расійскі акцёр Сяргей Безрукаў падтрымаў анексію Крыму ў 2014-м і ўварванне ва Украіну ў 2022-м. Ён знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза.
Павел Харланчук нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гомелі. Працаваў у трупах Горкаўскага і Купалаўскага тэатраў, у 2010-я гады быў адным з самых папулярных беларускіх акцёраў. У 2020-м звольніўся з апошняга разам з амаль усёй трупай, наступнага года пераехаў у Маскву і стаў акцёрам МДТ. Актыўна здымаецца ў кіно. Па стане на жнівень 2025-га выйшлі тры фільмы з удзелам Паўла, у двух ён зняўся ў галоўных ролях. У вытворчасці знаходзіліся яшчэ пяць фільмаў, у двух з іх — таксама галоўныя ролі. У 2026-м у вытворчасці знаходзяцца дзве карціны з яго ўдзелам.