Галоўны трэнер зборнай Фінляндыі па скачках з трампліна перабраў з алкаголем на Алімпіядзе
4- 13.02.2026, 21:28
- 2,916
Ігара Медведа датэрмінова адправілі дадому з зімовых Гульняў у Мілане.
Галоўнага трэнера зборнай Фінляндыі па скачках з трампліна Ігара Медведа датэрмінова адправілі дадому з зімовых Алімпійскіх гульняў у Мілане і Кортіне-д’Ампецца з-за парушэння ім правілаў, што датычацца алкаголю, паведамляе Yle.fi.
Па словах кіраўніка фінскай алімпійскай каманды Янне Ханнінена, здарэнне, якое стала прычынай такога рашэння, адбылося не падчас выканання Медведам сваіх абавязкаў, таму падрабязнасці інцыдэнту не раскрываюцца.
Сам Ігар Медвед у афіцыйнай заяве прызнаў сваю віну, выказаў шкадаванне і заявіў, што «не ганарыцца сабой». Ён папрасіў прабачэння ў спартсменаў, трэнераў і балельшчыкаў фінскай зборнай, адзначыўшы, што хоча, каб каманда магла засяродзіцца на спаборніцтвах і працягваць сваю працу.
Медвед распавёў, што інцыдэнт адбыўся 10 лютага ў горадзе Прадаццо пасля таго, як зборная Славеніі па скачках з трампліна заваявала залаты медаль у змешаных камандных спаборніцтвах. Сам Ігар Медвед — славенец, таму гэта перамога не была для яго чужой. Трэнер патлумачыў:
«Пасля спаборніцтваў мяне запрасілі на святкаванне залатога медаля Славеніі. Я нічога не еў, і алкаголь зрабіў сваю справу».
Медвед падкрэсліў, што, нягледзячы на свой учынак, ён ганарыцца сваёй камандай і працай, зробленай у Фінляндыі за апошнія два гады. Таксама адзначыў, што хоча даць спартсменам магчымасць спакойна працаваць і мінімізаваць шкоду, якую ён нанёс.
Ігару Медведу 44 гады, ён былы славенскі скокун з трампліна, а галоўным трэнерам зборнай Фінляндыі — з 2024 года.
Пасля шасці дзён спаборніцтваў на Алімпіядзе ў скачках з трампліна ўжо разыграны тры з шасці камплектаў медалёў, і фінскія «лятаючыя лыжнікі», у адрозненне ад славенскіх, пакуль не заваявалі ніводнай узнагароды. У тых злашчасных для Медведа змешаных камандных спаборніцтвах фіны засталіся на 6-й пазіцыі з 12 каманд, а ў індывідуальных спаборніцтвах лепшы пакуль вынік — 14-е месца Вільхо Полосаары ў мужчынскіх скачках з нармальнага трампліна.