На Алімпіядзе ў Італіі беларуская канькабежка паказала шосты час
6- 12.02.2026, 20:02
- 1,270
Марына Зуева выступіла на дыстанцыі 5000 метраў.
Марына Зуева выступіла на дыстанцыі 5000 метраў. Гэта быў яе другі выхад на канькабежны авал на Гульнях 2026 года, перадае «Зеркало».
Нагадаем, 7 лютага Зуева, якая адзіная з беларускіх канькабежак удзельнічае на гэтай Алімпіядзе, прабегла 3000 метраў. Марына была 15-й з 20 спартсменак. Яна засталася незадаволенай вынікам і пасля спаборніцтваў казала пра хваляванне і шумныя трыбуны.
На больш доўгай дыстанцыі адразу было зразумела, што Зуева апынецца ў пратаколе вышэй, бо на старт пяцікіламетровай дыстанцыі выйшлі 12 спартсменак. Беларуску паставілі ў другі забег. Марына перамагла сваю суперніцу ў забегу з часам 6:57.70. Але потым выступала яшчэ нямала моцных суперніц. У выніку Зуева апынулася на шостым месцы. А перамагла, як і на 3000 м, італьянка Франчэска Лаллабрыджыда з вынікам 6:46.17.
«Вельмі задаволеная выступленнем. Апошні круг атрымаўся не такім, як хацелася б, але агульны час выйшаў добры. Рада знаходзіцца на Алімпіядзе», — пракаментавала Марына ў прамым эфіры свой вынік.
Дадамо, што на мінулых Гульнях Зуева была ў гэтай дысцыпліне дзявятай, а на Гульнях-2018 — сёмай.