Названы напой, які абароніць ад дыябету і дэменцыі
7- 1.02.2026, 21:19
- 15,436
Ён даступны кожнаму.
Рэгулярнае ўжыванне чаю, асабліва зялёнага, можа зніжаць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, атлусцення, дыябету і некаторых відаў раку, а таксама падтрымліваць здароўе мозгу і запавольваць узроставую страту цягліцавай масы. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы Інстытута чайных даследаванняў Кітайскай акадэміі сельскагаспадарчых навук пад кіраўніцтвам Мінчуаня Яна і Лі Чжоў. Праца апублікавана ў часопісе Beverage Plant Research (BPR).
Аўтары прааналізавалі даныя лабараторных эксперыментаў і даследаванняў з удзелам людзей. Асноўная ўвага надавалася чаю з расліны Camellia sinensis — зялёнаму, чорнаму, улуну і беламу (травяныя настоі ў агляд не ўключаліся). Ключавымі біалагічна актыўнымі рэчывамі названыя поліфенолы, у першую чаргу катэхіны, якія валодаюць антыаксідантнымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі.
Найбольш пераканаўчыя даныя атрыманыя для зялёнага чаю. Назіральныя даследаванні паказваюць, што ў людзей, якія рэгулярна п'юць чай, ніжэй артэрыяльны ціск, лепшыя паказчыкі халестэрыну і ніжэй рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама заўчаснай смерці ад любых прычын. Адзначаецца і сувязь з кантролем масы цела: катэхіны могуць падтрымліваць абмен рэчываў і спрыяць зніжэнню вагі ў людзей з атлусценнем. Акрамя таго, ужыванне чаю асацыіруецца з лепшымі паказчыкамі кантролю глюкозы, што важна для прафілактыкі дыябету 2-га тыпу.
Асобны раздзел агляду прысвечаны здароваму старэнню. Паводле даных шэрагу прац, у пажылых людзей, якія часта п'юць чай, назіраецца больш павольнае зніжэнне кагнітыўных функцый і менш біямаркераў, звязаных з хваробай Альцгеймера. Таксама чайныя поліфенолы могуць змяншаць узроставую страту цягліцавай масы, падтрымліваючы сілу і рухомасць.
Пры гэтым даследчыкі папярэджваюць: не ўсе «чайныя» прадукты аднолькава карысныя. Бутэляваныя напоі і bubble tea часта ўтрымліваюць дададзены цукар, падсалодвальнікі і кансерванты, якія могуць нівеляваць карысныя эфекты. Акрамя таго, у чаі часам выяўляюцца сляды пестыцыдаў, цяжкіх металаў і мікрапластыку. Для большасці людзей гэта не ўяўляе сур'ёзнай рызыкі, але пры вельмі высокім і працяглым ужыванні варта ўлічваць магчымы ўплыў.
Яшчэ адно абмежаванне — уплыў чаю на засваенне мінералаў: напой можа зніжаць абсарбцыю жалеза і кальцыю, што важна для людзей з дэфіцытамі або тых, хто прытрымліваецца расліннага рацыёну.
Аўтары рэкамендуюць аддаваць перавагу традыцыйна завараному чаю і абмяжоўваць апрацаваныя напоі. На іх думку, умеранае ўжыванне чаю можа стаць часткай прафілактыкі сардэчных захворванняў, дыябету і анкалагічных хвароб, аднак для ўдакладнення доўгатэрміновых эфектаў і адрозненняў паміж відамі чаю патрэбныя дадатковыя даследаванні.