У Бераставіцы адбылося камічнае рабаванне
1- 4.11.2026, 11:34
- 1,568
Зламыснік шчыльна павячэраў і лёг спаць на месцы злачынства.
У Бераставіцы затрымалі мужчыну, які абакраў кавярню і заснуў проста на месцы злачынства. Пра гэта паведаміла УУС Гродзенскага аблвыканкама.
63-гадовы мясцовы жыхар быў у гасцях у знаёмых і, сыходзячы, прыхапіў у двары невялікі молатак. Пазней з яго дапамогай ён пранік у кавярню, каб перакусіць і разжыцца грашыма: разбіў шкло і залез унутр. Там мужчына з'еў інгрэдыенты для шаўрмы, выпіў піва і забраў наяўныя з касы.
«Шчыльна павячэраўшы, грамадзянін адчуў сябе ў поўнай бяспецы і безтурботна заснуў проста на месцы злачынства», — адзначылі ў міліцыі.
Супрацоўнікі Дэпартамента аховы, якія патрулявалі раён, заўважылі разбітае акно. Заглянуўшы ўнутр, яны выявілі спячага зламысніка.
Па факце замаху на крадзеж узбуджана крымінальная справа.