NYT: Шанцы Дэмакратычнай партыі на большасць у Сенаце і ў Палаце прадстаўнікоў — больш за 95%
- 4.11.2026, 7:13
- 1,018
Дэмакраты адабралі ў рэспубліканцаў месцы ў Сенаце ад Паўночнай і Паўднёвай Караліны.
На прамежкавых выбарах у Кангрэс ЗША дэмакраты адабралі ў рэспубліканцаў месцы ў Сенаце ад Паўночнай і Паўднёвай Караліны. Акрамя таго, паводле прагнозу яны вяртаюць сабе большасць у Палаце прадстаўнікоў.
Пра гэта паведамляюць AP, CNN, NBC News, CBS News і CNBC.
Цяпер у рэспубліканцаў у Сенаце 53 месцы супраць 47. Каб атрымаць большасць, дэмакратам трэба адабраць чыстымі чатыры мандаты і не страціць ніводнага свайго. Палавіну шляху яны ўжо прайшлі.
Па стане на зараз, The New York Times ацэньвае шанцы Дэмакратычнай партыі атрымаць большасць і ў Сенаце, і ў Палаце прадстаўнікоў больш за 95%.
У Паўночнай Караліне былы губернатар-дэмакрат Рой Купер перамог рэспубліканца Майкла Уотлі, якога падтрымліваў Трамп. Купер зойме месца рэспубліканца Тома Тіліса, які не балатаваўся. Дэмакраты не перамагалі на выбарах у Сенат ад гэтага штата з 2008 года.
Яшчэ больш гучнай стала перамога ў Паўднёвай Караліне, дзе ў 2024 годзе Трамп перамог з адрывам амаль у 18 пунктаў. Дэмакратка Энні Эндрус перамагла рэспубліканку Дарлін Грэм, якая часова займала месца памерлага Ліндсі Грэма. Эндрус стане першай жанчынай, абранай у Сенат ад гэтага штата. Апошні раз дэмакрат перамагаў тут на выбарах у Сенат у 1998 годзе.
Свае месцы дэмакраты пакуль утрымліваюць. CNN абвясціў пра перамогу сенатара Джона Ософа у Джорджыі, якую ў 2024 годзе таксама перамог Трамп, а AP — пра перамогу дэмакрата ў Нью-Гэмпшыры.
Астатак шляху да большасці вызначаць сем ключавых штатаў: Айова, Аляска, Канзас, Мэн, Мічыган, Агаё і Тэхас. Паводле ацэнак CNBC і NBC, гонкі ў Тэхасе, Агаё і Канзасе схіляюцца на карысць дэмакратаў. Папярэднія даныя з чатырох штатаў такія:
Тэхас (падлічана каля 53%): дэмакрат Джэймс Таларыка — 59,4%, рэспубліканец Кен Пакстан — 39,1%;
Агаё (каля 62%): дэмакрат Шэррод Браўн — 49%, рэспубліканец Джон Х'юстэд — 46,4%;
Мічыган (каля 18%): дэмакрат Абдуль Эль-Саід — 55,1%, рэспубліканец Майк Роджэрс — 43,3%;
Мэн (каля 10%): дэмакрат Трой Джэксан — 50,2%, рэспубліканка Сюзан Калінз — 49,7%.
Пераможцаў у гэтых штатах яшчэ не абвясцілі. Для дэмакратаў галоўнай пагрозай застаецца Мічыган, дзе яны абараняюць сваё месца.
Палата прадстаўнікоў
У Палаце прадстаўнікоў перавыбіраюць усе 435 месцаў, для большасці патрэбна 218. У рэспубліканцаў мінімальная перавага, таму дэмакратам дастаткова атрымаць чыстымі тры мандаты. Паводле прагнозу CNBC, яны атрымаюць большасць у ніжняй палаце.
Паводле даных CNN, дэмакраты адабралі ў рэспубліканцаў як мінімум пяць акруг. Сярод іх 11-я акруга Паўночнай Караліны, дзе ў 2024 годзе Трамп перамог з перавагай у 10 пунктаў, і 6-я акруга Кентукі, дзе яго адрыў складаў 15 пунктаў. Акрамя таго, дэмакраты ўтрымалі тры акругі ў Фларыдзе, мяжы якіх рэспубліканцы перакроілі, каб забраць іх сабе.
Калі прагнозы спраўдзяцца, рэспубліканцы страцяць кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса.
Губернатары
На выбарах губернатараў дэмакраты пакуль чакана ўтрымліваюць свае штаты. CNN, у прыватнасці, абвясціў пра перамогу Джоша Шапіры у Пенсільваніі, якую ў 2024 годзе выйграваў Трамп, і Джэя Бі Прыцкера ў Ілінойсе, які стаў першым дэмакратам, абраным губернатарам штата трэці раз.
Усе прыведзеныя даныя — гэта прагнозы СМІ і папярэднія вынікі падліку. Канчатковыя вынікі галасавання штаты зацвердзяць пазней, а ў некалькіх ключавых гонках падлік яшчэ працягваецца. На Алясцы, у Айове і Канзасе вынікаў пакуль мала або няма зусім.