На месцы пошукаў Ноевага каўчэга знайшлі драўніну XXIV стагоддзя да нашай эры
- 23.11.2026, 19:51
Узрост драўніны супадае з некаторымі ацэнкамі часу Сусветнага патопу.
На месцы меркаванага знаходжання Ноевага каўчэга ва ўсходняй Турцыі выявілі ўзоры драўніны ўзростам каля 4300 гадоў. Даследчыкі абвясцілі пра першыя вынікі радыёвугляроднага датавання сабраных там узораў, паведамляе выданне Arkeonews.
Узоры драўніны сабралі ў раёне геалагічнай фармацыі Дурупынар у правінцыі Агры. Яны прыцягваюць увагу даследчыкаў абрысамі, якія нагадваюць корпус карабля.
Прафесар Сівасскага ўніверсітэта Джумхурыет Джэнкер Аціла паведаміў, што амерыканская лабараторыя датавала ўзоры перыядам 2400–2200 гады да н.э. Намеснік кіраўніка экспедыцыі Эндру Джонс адзначыў, што гэтыя даты супадаюць з некаторымі ацэнкамі часу Сусветнага патопу, прыведзенымі ў біблейскіх храналогіях.
Даследаванні праходзілі з 28 чэрвеня па 30 верасня 2026 года. Каля 20 спецыялістаў з пяці краін вывучалі геалагічную будову Дурупынара і збіралі фрагменты драўніны і абвугленага матэрыялу. Цяпер даследчыкі чакаюць вынікаў аналізаў са Швейцарыі і Турцыі. Іх супаставяць з дадзенымі амерыканскай лабараторыі, каб дакладней вызначыць узрост і ўласцівасці знаходак.
Радыёвугляродны аналіз дапамагае вызначыць узрост драўніны. Аднак, каб усталяваць, ці апрацоўваў яе чалавек і як яна апынулася на гэтым месцы, неабходна даследаваць самі ўзоры і глебу, якая іх акружае.
Фармацыя Дурупынар размешчана прыблізна ў 30 км на поўдзень ад гары Арарат. Яе абрысы здалёку нагадваюць сілуэт карабля, а даўжыня складае каля 160 м, што супастаўна з меркаванымі памерамі Ноевага каўчэга. У канцы жніўня даследчыкі з дапамогай падземнага сканавання выявілі анамаліі — мноства пустэч, вуглавых структур і паражнін з гладкімі краямі, паведамляла газета Milliyet.