«Белпошта» спыніла адпраўку лістоў і пасылак у Італію
- 22.11.2026, 16:58
Абмежаванні закранулі таксама яшчэ шэраг краін.
«Белпошта» перастала прымаць усе віды адпраўленняў — карэспандэнцый і пасылак — у Італію і яшчэ некалькі краін. Прычыны пакуль не паведамляюцца. На змены ў прыёме аператарам міжнароднай пошты звярнуў увагу Infotrans Media Belarus.
З краін, куды «Белпошта» цяпер увогуле не прымае ніякіх адпраўленняў (уключаючы экспрэс-пошту EMS), найважнейшай, безумоўна, з'яўляецца Італія. Да нядаўняга часу яна найактыўней выдавала візы беларусам і застаецца папулярным напрамкам для паездак нашых грамадзян.
З еўрапейскіх краін, куды нельга адправіць ніякую карэспандэнцыю і пасылкі, у спісе таксама Фінляндыя і Украіна. А ўвогуле такіх дзяржаў больш: Аргенціна, Емен, Іран, Сірыя, Палестына, КНДР і шэраг іншых аддаленых тэрыторый, у асноўным — астраўных.
Паведамляецца, што «Белпошта» таксама спыніла адпраўляць карэспандэнцыю экспрэс-поштай EMS у Латвію і Францыю.
Як раней пісаў сайт Charter97.org, з 1 лістапада «Белпошта» прыпыніла прыём пасылак у краіны Еўрапейскага саюза ад юрыдычных асоб.