У прыватным медцэнтры «Лодэ» ў Мінску мог памерці чалавек
1- 22.11.2026, 15:09
Відавочцы паведамляюць пра надзвычайнае здарэнне на праспекце Незалежнасці.
У мінскім прыватным медыцынскім цэнтры «Лодэ» на праспекце Незалежнасці, магчыма, памёр чалавек. Пра здарэнне стала вядома дзякуючы паведамленню карыстальніка сацыяльнай сеткі Threads. Афіцыйныя органы пакуль ніяк не пракаментавалі сітуацыю, піша Tochka.by.
Увечары 21 лістапада мужчына паведамiў, што каля медцэнтра заўважыў машыны хуткай дапамогі, міліцыі і судова-медыцынскай экспертызы. Спачатку ён падумаў, што адбылася аварыя, бо побач стаяў легкавы аўтамабіль, які, нібыта, выехаў на тратуар. Аднак на ім не было ніякіх пашкоджанняў.
Пазней аўтар паста ўдакладніў, што, паводле яго назіранняў, на месцы сапраўды было цела памерлага чалавека. Прыблізна праз 40 хвілін, калі ён зноў праходзіў міма, да медцэнтра пад’ехаў спецыяльны аўтамабіль для перавозкі памерлых.
Іншыя відавочцы таксама паведамлялі, што каля 18 гадзін бачылі там машыны хуткай дапамогі, міліцыі і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Паводле слоў аднаго з карыстальнікаў, каля 19:30 адтуль забіраў апошняга фельчара аўтамабіль хуткай дапамогі.
Аўтар першапачатковага паведамлення выказаў меркаванне, што здарэнне магло не атрымаць афіцыйнага асвятлення, калі смерць наступіла натуральным шляхам. Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання таксама адзначылі, што нават у выпадку пацверджання смерці гэта не абавязкова азначае віну медыцынскага цэнтра.
Прычыны здарэння і абставіны магчымай смерці чалавека пакуль невядомыя.