Адміністрацыя гомельскай ВНУ выпадкова зліла фота сакрэтнага аб’екта
7- 8.10.2026, 17:44
- 16,730
Вайсковы гарадок трапіў на кадры ідэолагаў БелДУТа.
Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту апублікавала на сваіх рэсурсах фота, на якім «Флагшток» распазнаў сакрэтны аб’ект, які цяпер узводзяць у Гомельскім раёне.
Ідэолагі хацелі паказаць, як выкарыстоўваецца неаплатная праца студэнтак-«актывістак» БелДУТа. Яны распісвалі інтэр’еры для ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат». Пры гэтым будоўлю назвалі проста «аб’ектам». Як раней высветлілі журналісты, у дакументах дзяржаўных закупак «аб’ектам» найчасцей называюць будоўлю вайсковага гарадка ў Гомельскім раёне каля вёскі Прыбор, заказчыкам па ім нярэдка выступае той жа домабудаўнічы камбінат.
На фотаздымках паказаны вынікі працы студэнтак: роспіс сцен. На адным з кадраў ёсць шырокае акно з прыкметным пейзажам з жалезабетонных каркасаў на фоне сасновага лесу. У Гомельскай вобласці не так шмат будоўляў, якія па выглядзе нагадваюць будаўніцтва вайсковага гарадка Сіл спецыяльных аперацый Беларусі.


Найбольш верагодна, здымак быў зроблены ў будынку з функцыямі сацкультбыту вайсковага гарадка (на спадарожнікавым здымку ён пад жоўтым дахам).

Фота сведчыць пра высокую ступень гатоўнасці ключавых пабудоў вайсковага гарадка, а таксама пра тое, што маштабнае будаўніцтва працягваецца.