30 кастрычнiка 2026, Пятніца, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нас забілі»: «Новая газета» абвясціла пра закрыццё

2
«Нас забілі»: «Новая газета» абвясціла пра закрыццё

Найбольш вядомае незалежнае медыя ў Расіі спыняе працу.

«Новая газета», найбольш вядомае незалежнае медыя, якое дагэтуль працавала ўнутры Расіі, абвясціла, што закрываецца. Напярэдадні стала вядома, што рэдакцыю выселяюць з офіса ў Патапаўскім завулку ў цэнтры Масквы, дзе журналісты працавалі 29 гадоў. У сувязі з гэтым зачыніцца і музей Ганны Паліткоўскай, які знаходзіўся ў яе былым працоўным кабінеце. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ўлады РФ заблакіравалі сайты выдання і пазбавілі газету рэгістрацыі, а ў верасні 2026 года абвясцілі «Новую» «замежным агентам». Паводле звестак The Economist, 26 кастрычніка адбыўся сход рэдакцыі газеты, на якім было прынята рашэнне закрыць выданне. У рэдакцыі, як піша The Economist, у прыватнасці, баяліся, што газету могуць абвясціць «экстрэмісцкай арганізацыяй». Раніцай 30 кастрычніка «Новая» афіцыйна абвясціла, што спыняе працу.

Charter97.org публікуе заяву рэдакцыі «Новай газеты» цалкам:

Нас забілі.

9 лістапада мы пагасім святло ў нашым доме, дзе пражылі 30 гадоў, выключым серверы і сыдзем. Газеты больш няма. Расійскія ўлады і расійскія спецслужбы прымусілі рэдакцыю спыніць працу.

Трыццаць з лішнім гадоў жыцця разам з краінай і яе грамадзянамі для нас скончацца на вуліцы, без сродкаў да існавання, пад пастаяннай пагрозай рэпрэсій.

Нашы гады жыцця былі шчаслівымі — творчасцю і надзеямі, чытачамі, сябрамі, тэкстамі, фільмамі. Часам гэтыя гады былі — роспачна горкімі.

Горкімі, таму што менавіта за час кіравання гэтага рэжыму, а не ў бандыцкія 90-я, па палітычных матывах, за выкананне свайго прафесійнага і грамадзянскага абавязку былі забітыя нашы калегі: Ігар Дамнікаў, Юрый Шчэкочыхін, Ганна Паліткоўская, Стас Маркелаў, Анастасія Бабурава, Наталля Эстамірава.

Адначасова з лістом аб выселенні адключылі сістэму данатаў, што дазваляла нам атрымліваць ахвяраванні ад нашых чытачоў. То-бок пазбавілі сродкаў. Увогуле.

Гэта — скаардынаваная акцыя. Нікога не пераканаюць апраўданні банкаў, што яны робяць гэта, зыходзячы з унутраных карпаратыўных правілаў. Гэта — знешнія правілы, устаноўленыя рэпрэсіўным апаратам дзяржавы, супрацоўнікамі ФСБ, якія праніклі пад дах кожнай арганізацыі. Яны лічаць краіну сваёй уласнасцю.

Пасля пачатку ваенных дзеянняў нас, як і ўсіх іншых журналістаў, пазбавілі магчымасці гаварыць пра самыя галоўныя і трагічныя падзеі цяперашняга часу. Прымалі законы, якія вярнулі ў краіну цэнзуру. Потым гэтая цэнзура распаўсюдзілася практычна на ўсе сферы чалавечага жыцця.

Улады заблакіравалі ўсе нашыя інтэрнэт-рэсурсы. Дзяржава адабрала нашу друкарню, а афіцэры спецслужбаў і цэнзары, што заселі ў іншых друкарнях, адмаўлялі нам у выданні газеты. Шмат нашых супрацоўнікаў былі вымушаныя з’ехаць з краіны.

Пазней дзяржава пазбавіла нас рэгістрацыі СМІ, адабраўшы права зарабляць сваёй працай.

На галоўнага рэдактара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыя Муратава было здзейснена нападзенне, у выніку якога ён ледзь не страціў зрок. Крымінальную справу ўзбуджаць не сталі, хоць злачынцы вядомыя.

Потым нашых журналістаў пачалі абвяшчаць «замежнымі агентамі», пачаўшы з галоўнага рэдактара.

Затым узбуджалі адміністрацыйныя справы супраць кіраўніцтва рэдакцыі.

У Чачні выкралі і збілі да паўсмерці нашу аглядальніцу Алену Мілашыну.

Узялі ў закладнікі шэф-рэдактара газеты Алега Ралдугіна, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён працаваў журналістам. Хутка суд.

У рэдакцыі «Новай газеты» прайшоў шматгадзінны вобшук, вобшук прайшоў і ў кватэры галоўнага рэдактара.

У верасні гэтага года абвясцілі «замежным агентам» усю рэдакцыю, уключыўшы ў спісы больш за сто чалавек: журналістаў і аўтараў.

Амаль 5 гадоў вайны мы змаглі прапрацаваць у глухім акружэнні спецслужбаў.

І вось цяпер — усё. Мы апынуліся ў «кіл-зоне».

Гэта — не толькі наша прыватная гісторыя. Гэта — гісторыя краіны і грамадства, якіх дабіваюць дакладна так жа.

Робяць гэта ФСБ, Мінюст, пракуратура і іншыя, хто прыватызаваў дзяржаву і ўзурпаваў уладу. Гэта не савецкі рэсэнтымент, пад яго шыльдай амаль пабудавана ваенная дыктатура.

Яны кажуць, што абараняюць канстытуцыйны лад. Не, гэта антыканстытуцыйны лад. Бо Канстытуцыя згвалтаваная, збітая і з заклееным ротам кінутая ў турму на велізарны тэрмін. Як і тысячы грамадзян сваёй краіны, якія проста прытрымліваліся яе артыкулаў. Як і дзясяткі тысяч іншых грамадзян краіны, якія вымушана сталі бежанцамі, пакінуўшы свае дамы і з’ехаўшы ў невядомасць.

Перастаньце казаць, што цяпер не сталінскі 37-мы год, а рэпрэсіі носяць нібыта «лічбавы характар». Гэта — дзяржаўныя рэпрэсіі. І людзі, а не лічбы, паміраюць у камерах. Кропка.

Жыццё чалавека страціла сэнс і абясцэнілася.

Слова «Канстытуцыя» выклікае сарказм і рогат. У ўсіх. Нават у суддзяў. Асабліва ў суддзяў. Ніхто не верыць у тое, што гэта асноўны закон краіны і прэзідэнт на ім прысягаў. Заўважце, афіцыйная прапаганда ўжо даўно не называе прэзідэнта гарантам Канстытуцыі.

У краіне ліквідаваны правы і свабоды чалавека, а іх абарона прыраўнаваная да злачынства. Дэ-факта ліквідаваныя выбары і выбарныя органы ўлады. Ліквідаваныя грамадскія інстытуты. Затоптаныя свабода сумлення і чалавечая годнасць. Вывернута бруднымі рукамі навыварат прыватнае жыццё.

Хіба не здзекліва сёння гучыць артыкул 29 Канстытуцыі: «цэнзура забараняецца»? Суд знішчаны разам з законам і правам. Наяўнасць перакананняў — цяпер дзяржаўная здрада.

Але здрада — гэта калі дзяржава здраджвае ўласнай Канстытуцыі. І гэтая здрада — працяглае злачынства, якое цяпер адбываецца на вачах усяго свету.

Забойства «Новай газеты» — яшчэ адно таму доказ.

Усе гэтыя гады мы пісалі менавіта пра гэта. Пакуль маглі. Таму і забілі.

Дзякуй усім, хто нас чуў.

Рэдакцыя

P. S.

Апошні нумар выйдзе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲