СМІ: Расійскія чыноўнікі ўтойваюць маштабную ўспышку чумы
4- 3.10.2026, 19:47
- 1,906
189 чалавек былі памешчаныя на карантын.
Расійскія чыноўнікі ўтойваюць маштабную ўспышку лёгачнай чумы ў Іркуцкай вобласці, з-за якой ужо памёр адзін чалавек, а яшчэ 189 — памешчаныя на карантын. Пра гэта піша The Sun.
Паводле выдання, губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў адмовіўся публічна гаварыць пра ўспышку, абмежаваўшыся згадкай пра распаўсюджанне «небяспечнага інфекцыйнага захворвання», і адмяніў у рэгіёне масавыя мерапрыемствы. Тым часам у вобласці скончыліся запасы антыбіётыкаў: напалоханыя жыхары кінуліся ў аптэкі.
Расійскія СМІ паведамляюць, што ад лёгачнай чумы памерла 28-гадовая Дар'я Шыпілава, супрацоўніца Іркуцкага супрацьчумнага навукова-даследчага інстытута. Папярэдне, яна заразілася падчас экспедыцыі на мяжы Расіі і Манголіі, дзе былі пацверджаныя выпадкі інфекцый, што хутка распаўсюджваюцца.
Журналісты The Sun таксама высветлілі, што жыхарам Байкальска ў афіцыйным паведамленні рэкамендавалі не ездзіць у горад Шэлехаў, аднак пазней гэтае паведамленне выдалілі.
Акрамя таго, як адзначае выданне, галоўная спецыялістка па інфекцыйных захворваннях у адміністрацыі Уладзіміра Пуціна Ганна Попава тэрмінова вылецела з Масквы ў Іркуцкую вобласць, каб асабіста ўзначаліць ліквідацыю надзвычайнай сітуацыі, але дагэтуль маўчыць.
Вядучы расійскі эпідэміёлаг Міхаіл Фавораў, які цяпер жыве ў ЗША, заявіў журналістам, што асабістая прысутнасць Попавай у Іркуцку азначае: сітуацыя «жудасная і крытычная». Паводле яго слоў, цяпер адбываецца маштабнае ўтойванне фактаў.