26 кастрычнiка 2026, панядзелак, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камісія ААН абвінаваціла Расію ў злачынствах супраць чалавечнасці з-за удараў па энергетыцы Украіны

1
Камісія ААН абвінаваціла Расію ў злачынствах супраць чалавечнасці з-за удараў па энергетыцы Украіны
Ілюстрацыйнае фота

Адказныя Пуцін, Шайгу і Герасімаў.

Незалежная міжнародная камісія ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне ўстанавіла, што Расія наўмысна атакавала грамадзянскую інфраструктуру Украіны, у прыватнасці энергетычныя аб’екты, што кваліфікуецца як ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.

Камісія назвала галоўнымі вінаватымі ў ударах расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, былога міністра абароны Сяргея Шайгу, яго пераемніка Андрэя Белоусава і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава, паведамляе CNN.

У новым дакладзе камісіі, які апынуўся ў распараджэнні CNN і які яшчэ толькі трэба прадставіць Генеральнай Асамблеі ААН, адзначаецца, што гэтыя атакі былі наўмыснымі і адпавядалі дзяржаўнай палітыцы Расіі, скіраванай на пазбаўленне грамадзянскага насельніцтва неабходных энергетычных рэсурсаў і прычыненне пакут.

«Расійскія камандзіры, якія аддалі загады аб гэтых атаках, ведалі, што аб’екты цеплазабеспячэння, якія яны выбіралі ў якасці мэтаў, з’яўляюцца жыццёва неабходнымі для грамадзянскага насельніцтва, асабліва зімой», — гаворыцца ў дакладзе.

У новым дакладзе камісія апісвае наступствы працяглага знаходжання на холадзе для ўкраінцаў. Паводле яе дадзеных, медыцынскія органы Украіны зафіксавалі выпадкі смерці з-за нізкай тэмпературы ў дамах і нават у бальніцах.

Медыкі паведамлялі, што мінулай зімой у бальніцы паступалі пацыенты з абмаражэннямі рознай ступені цяжкасці і пераахаладжэннем. Яны атрымлівалі гэтыя траўмы ўдома з-за адсутнасці ацяплення.

У дакладзе таксама прыведзеныя паказанні жанчыны з Дняпра, якая распавяла пра наступствы расійскіх атак.

«Холад — ён паралізуе цябе. Проста няма ніякай магчымасці сагрэцца, і ў галаву лезуць жудасныя думкі», — сказала яна.

У дакладзе названыя некалькі высокапастаўленых службовых асоб РФ, якіх камісія лічыць найбольш адказнымі за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.

У прыватнасці, у дакладзе адзначаецца, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін рабіў заявы, якія ўтрымлівалі ўказанні адносна удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны.

Акрамя таго, камісія сцвярджае, што сабраныя за апошнія гады доказы сведчаць пра адказнасць былога міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, яго пераемніка Андрэя Белоусава і начальніка Генеральнага штаба ВС РФ Валерыя Герасімава за планаванне і арганізацыю гэтых удараў.

Міжнародны крымінальны суд у сакавіку 2023 года выдаў ордэр на арышт Пуціна ў сувязі з незаконнай дэпартацыяй украінскіх дзяцей, а ў чэрвені 2025 года — ордэры на арышт былога міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава ў сувязі з ударамі па энергетычнай інфраструктуры Украіны.

CNN адзначае, што напярэдадні халоднага сезона Расія дала зразумець, што намерваецца працягваць атакі. У дакладзе згадваецца заява расійскага Міністэрства абароны, абнародаваная ў жніўні, у якой ішлося пра ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны. У ёй таксама ўтрымлівалася пагроза: «Зімою вы замерзнеце».

У другой частцы дакладу камісія ААН указвае на доказы таго, што Расія з дапамогай падману або прымусу завербавала замежнікаў з 29 краін у сваю армію. Дзяржава-агрэсар парушала асноўныя правы завербаваных замежнікаў, што мае прыкметы гандлю людзьмі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲