Алжыр упершыню за паўстагоддзя накіруе войскі за мяжу
- 26.10.2026, 20:33
Апошні раз алжырскія сухапутныя войскі ўдзельнічалі ў замежнай аперацыі ў 1973 годзе.
Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджід Тэббун вырашыў накіраваць падраздзяленні Нацыянальнай народнай арміі ў Нігер для абароны энергетычных і эканамічных інтарэсаў дзвюх краін. Рашэнне падтрымалі палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі краіны, паведамляе дзяржаўнае агенцтва APS.
Напярэдадні, 25 кастрычніка, ініцыятыву прэзідэнта адобрылі абедзве палаты парламента Алжыра, перадае Anadolu. Паводле звестак агенцтва, рашэнне прынята па просьбе ўладаў Нігера. Ідзе пра накіраванне абмежаванага вайсковага падраздзялення для забеспячэння бяспекі нафтавых праектаў алжырскай дзяржаўнай кампаніі Sonatrach, якая працуе ў Нігеры праз даччыную структуру SIPEX.
Як адзначае Anadolu, гэта можа стаць першым выпадкам накіравання алжырскіх сухапутных войскаў за мяжу пасля іх удзелу ў араба-ізраільскім канфлікце ў кастрычніку 1973 года.
Рашэнне прынята на фоне пашырэння вайсковага супрацоўніцтва паміж Алжырам і Нігерам. На мінулым тыдні краіны падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве ў абароннай сферы падчас візіту міністра абароны Нігера Саліфу Модзі ў Алжыр. Раней Алжыр перадаў Нігеру верталёты і вайсковае абсталяванне, а затым накіраваў у Ніямей чатыры знішчальнікі Су-30 і самалёт-запраўшчык, паведамляе Anadolu.
Адносіны Алжыра і Нігера абвастрыліся ў красавіку 2025 года, пасля таго як алжырскія вайскоўцы збілі беспілотнік Малі. Нігер разам з Малі і Буркіна-Фасо адклікаў свайго пасла з Алжыра. Аднак у 2026 годзе краіны пачалі аднаўляць супрацоўніцтва. У лютым кіраўнік Нігера Абдурахман Тчыяні наведаў Алжыр, дзе бакі дамовіліся ўмацоўваць узаемадзеянне ў сферы бяспекі і эканомікі, перадае Reuters.
У чэрвені Нігерыя, Нігер і Алжыр прыступілі да будаўніцтва Транссахарскага газаправода даўжынёй 4128 км, які зможа забяспечваць Еўропу да 30 млрд куб. м прыроднага газу на год для змяншэння залежнасці ЕС ад Расіі. Газаправод пройдзе ад горада Варры на поўдні Нігерыі, перасячэ Нігер, дайшоўшы да газавага хаба Хасі-Месауд у Алжыры, адкуль газ будзе паступаць на міжземнаморскія экспартныя тэрміналы і трубаправоды, што абслугоўваюць еўрапейскія рынкі.