25 кастрычнiка 2026, Нядзеля, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зварот Пуціна да Федэральнага сходу адмянілі ў трэці раз з пачатку вайны

4
Зварот Пуціна да Федэральнага сходу адмянілі ў трэці раз з пачатку вайны

Пяскоў даў «тлумачэнні».

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін у 2026 годзе не плануе агалошваць пасланне Федэральнаму сходу, паведаміў «РИА Новости» яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў. Прычын такога рашэння ён не агучыў. У каментары ТАСС Пяскоў удакладніў, што Пуцін выступіць, калі «палічыць гэта мэтазгодным». Пры гэтым артыкул 84 Канстытуцыі замацоўвае за прэзідэнтам абавязак штогод звяртацца да Федэральнага сходу, распавядаючы пра становішча спраў у краіне і асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі.

Пуцін ужо адмяняў пасланне ў 2025 годзе. Не звяртаўся да Федэральнага сходу ён і адразу пасля ўварвання ва Украіну, у 2022-м, патлумачыўшы гэта тым, што падзеі развіваліся вельмі дынамічна і яму было «складавата» вызначыць канкрэтныя планы на найбліжэйшы час. Апошняе пасланне было агалошана ў лютым 2024 года. Яно стала 29-м у найноўшай гісторыі Расіі і 19-м для Пуціна як прэзідэнта. Ён гаварыў пра супрацьстаянне з Захадам, вайну ва Украіне і нарашчэнне ўзбраенняў. У тым ліку Пуцін заявіў пра гатоўнасць расійскіх стратэгічных ядзерных сіл і пастаўку ў войскі першых серыйных цяжкіх балістычных ракет «Сармат», хаця пазней высветлілася, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.

У жніўні ў Крэмлі заявілі, што разглядаюць магчымасць адмовіцца ад штогадовага паслання прэзідэнта да Федэральнага сходу. Прадстаўнік Пуціна ў Дзярждуме Гары Мінх заявіў, што ва ўмовах вайны з Украінай доўгатэрміновае планаванне, якое звычайна закладваецца ў зварот кіраўніка дзяржавы, стала менш актуальным, а многія рашэнні даводзіцца прымаць сітуацыйна. «Гэта не самамэта — выступаць перад палатамі. Не той час і не тыя задачы», — казаў Мінх, дадаючы, што для пачатку можна прыбраць канстытуцыйнае патрабаванне агалошваць пасланне штогод.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲