23 кастрычнiка 2026, Пятніца, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка баіцца прадпрымальнікаў

2
Лукашэнка баіцца прадпрымальнікаў
Валерый Карбалевіч

Сістэма ўсё часцей дае збоі.

Створаная Аляксандрам Лукашэнкам сацыяльна-эканамічная мадэль з вялікім дзяржаўным сектарам і калгасна-саўгасным ладам аптымальная для ўтрымання ўлады. Аднак з кожным годам яна працуе ўсё горш, дае збоі. Таму Лукашэнка вымушаны рабіць асцярожныя крокі у бок пашырэння прасторы для прыватнага сектара.

Жэсты ў бок прыватнікаў

Апошнім часам незалежныя медыя звярнулі ўвагу, што Аляксандр Лукашэнка, наведваючы рэгіёны, усё часцей кантактуе з бізнесоўцамі, ставіць у прыклад добрую працу прыватных гаспадарак. У жніўні гэтага года ён прыехаў у фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба (Жыткавіцкі раён) і заклікаў мясцовых чыноўнікаў вывучаць яго досвед: «Чаму ў яго не вучыцца? Гэта скарбніца. Прыйшоў і скапіраваў». Таксама ў верасні Лукашэнка наведаў фермера Уладзіміра Маліноўскага у Шклоўскім раёне: «Калі б нам пяць тысяч Маліноўскіх, дык і праблем у сельскай гаспадарцы не было б».

Шмат гадоў Лукашэнка навязваў бізнесменам адсталыя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя гаспадаркі, тым самым ратуючы калгасна-саўгасны лад.

Цяпер гэтая практыка пашырылася. Лукашэнка пачаў раздаваць бізнесменам землі амаль цэлымі раёнамі. Кампанія «Сервалюкс», якая належыць бізнесмену Яўгену Баскіну, атрымала пад кіраванне ўвесь аграпрамысловы комплекс Дуброўненскага раёна. Акцыянернаму таварыству «Савушкін прадукт» Аляксандра Машэнскага перадалі сельскагаспадарчыя арганізацыі Аршанскага раёна і Полацкі малочны камбінат. Бізнесмену Мікалаю Вараб’ю аддалі землі Верхнядзвінскага раёна.

Ці можна зрабіць выснову, што Лукашэнка змяніў сваё стаўленне да ролі бізнесу ў эканоміцы?

Лукашэнка разумее эканамічныя перавагі рынкавай эканомікі

За тры дзесяцігоддзі ў грамадстве склалася ўстойлівае перакананне, што Лукашэнка — праціўнік рынкавай эканомікі. Але гэта не зусім так. Хоць ён шмат разоў паўтараў, што ідэю рынку свядома падкінуў Захад, каб разваліць Беларусь, Расію і іншыя постсавецкія краіны, называць яго ідэйным праціўнікам рынкавай эканомікі будзе не цалкам правільна. Гэтае пытанне варта разглядаць не ў сувязі з яго светапоглядам, а, хутчэй, у плоскасці палітычнай мэтазгоднасці.

Нагадаю, што ў 1990 годзе Аляксандр Лукашэнка, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, быў цвёрдым прыхільнікам рынкавых рэформаў. Ён даказваў: «Дзе свабода прадпрымальніцтва? Дзе свабода гандляваць? Дзе свабода ўсталявання цэн? Голага адміністравання мы ўжо наеліся»; «Дзяржаўную ўласнасць на сродкі вытворчасці павінна замяніць прыватная. Толькі так мы зможам вярнуць гаспадара». Тады Лукашэнка быў упэўнены, што калгасна-саўгасны лад на вёсцы — гэта прыгонніцкая, феадальная сістэма.

Яго выпадковыя выказванні ўжо ў статусе прэзідэнта не пакідаюць сумневу ў тым, што ён лічыць, што рынкавая эканоміка больш эфектыўная ў параўнанні з дзяржаўна-мабілізацыйнай эканамічнай сістэмай: «Дзе б мы сёння ні сутыкнуліся, прыватнік працуе лепш, чым дзяржаўнае прадпрыемства»; «Вы працуеце на ўзроўні разваленага калгаса. Вас таксама трэба прыватызаваць і аддаць прыватніку».

Гэтыя выказванні супярэчаць распаўсюджанай версіі пра тое, што, маўляў, Лукашэнка закарэнеўся ў камуністычным мінулым і нічога не разумее ў сучасных эканамічных працэсах. Праблема ў іншым.

Аптымальная мадэль для ўтрымання ўлады

Крытыкі Лукашэнкі пастаянна прад’яўляюць яму папрокі ў тым, што многія яго рашэнні падрываюць эканамічнае развіццё краіны. Але праблема ў тым, што задачу стварэння эфектыўных гаспадарчых механізмаў ён і не ставіць. Прынамсі не як галоўную. Насамрэч дзяржаўная палітыка падпарадкаваная задачы выжывання рэжыму. І ўсе працэсы ў эканоміцы арыентаваныя на вырашэнне менавіта гэтай задачы. Зразумела, што ў такім выпадку рацыянальныя эканамічныя аргументы адыходзяць на другі план.

Ён выразна ўсвядоміў, што дамінаванне дзяржаўнага сектара ў эканоміцы і калгасна-саўгасны лад — аптымальная мадэль для ўтрымання ўлады. Яна простая і зручная для ўладарэння і кантролю. Адміністрацыйная сістэма кіравання прадухіляе з’яўленне іншых цэнтраў эканамічнай улады (алігархаў), а значыць, і палітычнага ўплыву. А поўнавартасная рынкавая эканоміка стварае прастору, не падкантрольную дзяржаве.

Лукашэнка гэтага не хаваў. Ён казаў: «Скажыце, навошта мне сёння ў Беларусі прадаваць два нафтаперапрацоўчыя заводы? Бо ўласнасць — гэта ўлада. Я іх не аддаю, таму што мне трэба ажыццяўляць уладу». На нарадзе ў 1998 годзе Лукашэнка наўпрост задаў пытанне аднаму з кіраўнікоў вобласці: не будзе калгасаў — як ты дасі каманду, за каго галасаваць?

У той жа час Лукашэнка не можа абысціся без прыватнага сектара, бо разумее: у такім выпадку эканоміка загіне. Таму ён разглядае прадпрымальнікаў як непрыемную рэальнасць, якую даводзіцца цярпець. Але імкнецца прымусіць бізнес працаваць не на прыбытак, а «на карысць народу».

Лукашэнка пагражаў «выразаць» бізнес

2020 год пацвердзіў усе боязі Лукашэнкі наконт пагрозы прыватнага сектара яго рэжыму. Большую частку пратэстоўцаў складалі супрацоўнікі недзяржаўных кампаній. Лукашэнка не хаваў свайго рэзка негатыўнага стаўлення да прыватнікаў.

У лютым 2021 года, выступаючы на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу, ён назваў бізнесменаў «мярзотнікамі», паабяцаў іх «выразаць гарачым жалезам», пагражаў, што «ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў прывядзём да розуму». Ён абвясціў, што практыка спрашчанай рэгістрацыі бізнесу будзе спыненая.

«Лепш хай яны з’едуць з тымі грашыма, якія накралі, бо яны перавернуць краіну», — казаў Лукашэнка. Пэўны час на парадку дня стаяла пытанне аб ліквідацыі Парка высокіх тэхналогій.

Сітуацыя патрабуе карэкціровак у стаўленні да бізнесу

Дык чаму цяпер Лукашэнка карэктуе свае падыходы да прыватнага сектара?

Перш за ўсё таму, што ў аграрнай сферы рэзка пагоршылася сітуацыя. Мадэль з практычна поўным дамінаваннем дзяржаўных гаспадарак дэманструе ўсё большую неэфектыўнасць. Улады не могуць вырашыць нават простыя праблемы, напрыклад спыніць масавую гібель цялят. Сітуацыю трэба тэрмінова ратаваць.

Другую прычыну два гады таму агучыў сам Лукашэнка. Аказваецца, вёскі абязлюдзелі, знікае яго электарат на сяле. У красавіку 2024 года ён тлумачыў мясцовым чыноўнікам: «Калі да вас звярнуўся заможны прыватнік і хоча ў Віцебскай вобласці або Магілёўскай узяць якіясьці калгасы ці калгас цалкам, — аддайце. І селяне на нас ужо сёння не павінны крыўдзіцца. 25 гадоў таму гэты фактар быў, я яго ўлічваў. Калі б мы пачалі ўсё гэта раздаваць, у нас была б аграрная рэвалюцыя. Сёння прыватнік сябе зарэкамендаваў».

Тым не менш гэтыя жэсты ў бок рынкавай эканомікі Лукашэнка робіць асцярожна. Масавай прыватызацыі дзяржаўнага сектара не адбываецца. Зямлю фермерам або прыватным кампаніям аддаюць не ў прыватную ўласнасць, а ў арэнду. Былая сацыяльна-эканамічная мадэль захоўваецца, хоць і крыху мадэрнізуецца.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲