У Албаніі пратэстоўцы закідалі паліцыю камянямі
- 17.10.2026, 20:21
Супраць іх ужылі вадамёты.
Тысячы маладых албанцаў сабраліся ў суботу каля будынка Міністэрства адукацыі ў цэнтры сталіцы Тыраны на пяты дзень студэнцкага руху, які патрабуе адстаўкі прэм’ер-міністра Эдзі Рамы.
Пра гэта піша Reuters.
Пратэст перарос у гвалт, калі група маладых людзей у масках пачала кідаць камяні ў паліцыю. У адказ паліцыя ўжыла святлошумавыя гранаты, слёзацёчны газ і вадамёты.
Дэманстрацыі супраць карупцыі і беспрацоўя пачалі распаўсюджвацца па ўсёй Албаніі. На гэтым тыдні ў Тыране пратэстоўцы разбілі вокны, падпалілі ўрадавыя будынкі і ўступілі ў сутыкненні з паліцыяй.
Паводле звестак паліцыі, на дадзены момант затрымалі 500 пратэстоўцаў, 330 з іх адпусцілі. Каля 120 паліцэйскіх і 45 пратэстоўцаў атрымалі траўмы, хоць многія выпадкі траўмавання ўдзельнікаў акцый, верагодна, не былі зафіксаваныя.

Беспарадкі сталі самым сур’ёзным выпрабаваннем для прэм’ер-міністра Эдзі Рамы, які ўзначальвае ўрад з 2013 года і летась перамог на выбарах, атрымаўшы чацвёрты тэрмін на гэтай пасадзе.
Ім папярэднічалі некалькі месяцаў пераважна мірных пратэстаў, выкліканых планамі пабудаваць раскошны курорт на паўднёвым узбярэжжы Албаніі. Праект падтрымліваюць інвестары, сярод якіх зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер.
Урад Рамы неаднаразова аказваўся ў цэнтры карупцыйных скандалаў. Аналітыкі адзначаюць, што Албанія з’яўляецца цэнтрам дзейнасці злачынных груповак, якія імкнуцца адмываць сродкі, атрыманыя ад гандлю наркотыкамі і зброяй. Гэта ўскладняе яе намаганні па ўступленні ў ЕС.