23 лiстапада 2026, панядзелак, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганебны факт пра Лукашэнку

20
Ганебны факт пра Лукашэнку
Фота: gazetaby.com

З-за паказухі дыктатар не атрымаў крэдыт у Пуціна.

Дзяржаўныя медыя называюць Палац Незалежнасці галоўным сімвалам сучаснай Беларусі. Лукашэнка кажа, што будаваў яго не для сябе, а для ўсяго беларускага народа.

Пра тое, у колькі абышоўся беларускаму народу гэты падарунак і як з-за яго Лукашэнка не атрымаў крэдыт у Пуціна — у новым выпуску праграмы (Не)Стабільнасць на YouTube-канале «Беларусы і рынак».

«Дзяржаўны сімвал беларускай дзяржаўнасці — гэта Палац Незалежнасці. На гэтым тыдні ён адзначыў свой першы юбілей. Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яму асабіста давялося кіраваць будаўніцтвам. Першапачаткова будынак не разглядаўся як рэзідэнцыя прэзідэнта, але ўсё змяніла парада сябра, — распавядалі ў праграме, прысвечанай дзесяцігадоваму юбілею палаца ў 2023 годзе.»

Паколькі будынак першапачаткова не разглядаўся як асабістая рэзідэнцыя Лукашэнкі, а як такі сабе дар Лукашэнкі ўсяму беларускаму народу, у ім загадзя спраектавалі асабісты кабінет Аляксандра Лукашэнкі, кабінеты яго двух сыноў — старэйшага і малодшага, спальні, лазню, басейн, зімовы сад і спартовую залу. Плошча асабістай тэрыторыі Аляксандра Лукашэнкі, у палацы, які ён будаваў наогул не для сябе, складае 500 квадратных метраў, што ззяюць пазалотай.

Усяго ў палацы — некалькі сотняў разнастайных памяшканняў. Агульная плошча гэтага «падарунка» ад Лукашэнкі беларускаму народу — 50 тысяч квадратных метраў. Шкада, ніхто не палічыў яшчэ і кубатуру. Бо паталкі месцамі, можна сказаць, губляюцца ў аблоках.

«Вялічная зала. Ну, калі будавалі, я ўсё хадзіў, ды пагляджу на гэты паталок — напэўна, высока замахнуліся. Архітэктары пераконвалі: не хвалюйцеся, Аляксандр Рыгоравіч, будзе добра. Будзе добра, будзе прыгожа. Паглядзеў на гэтыя вокны — тут жа патрэбныя фіранкі. І фіранкі, кажуць, усе пашыем. Ну, яна мне падабаецца», — прызнаваўся Лукашэнка.

А калі падабаецца, то размову пра грошы заводзіць нават як-та і няёмка. Тым больш што сам Лукашэнка казаў, што народу яго палац не каштаваў ні капейкі. Маўляў, ніводнага бюджэтнага рубля на яго будаўніцтва не было выдаткавана, усё аплацілі нейкія невядомыя спонсары. Хто быў тым добрым спонсарам, на чые грошы быў пабудаваны палац і галоўнае — адкуль у яго такія грошы, Лукашэнка не казаў.

Праўда, насамрэч народу давялося скінуцца. І нямала. Толькі паводле ўказаў аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва, што былі ў адкрытым доступе, агульная сума бюджэтнага фінансавання склала 135 мільёнаў долараў.

Насамрэч палац каштаваў значна больш. Паводле ўскосных падлікаў, агульны кошт будаўніцтва ацэньвалі ў суму ад 300 да 700 мільёнаў долараў.

Адна толькі мастацкая кладка паркету на плошчы ў 3 600 квадратных метраў абышлася ад 3 да 7 мільёнаў.

І тая ж расійская фірма, што клала паркет, устанавіла ў палацы 260 дзвярэй з пазалотай. Кошт адной такой дзверы ў 2013 годзе мог дасягаць трох тысяч долараў.

А паркет і дзверы — гэта нязначная частка той раскошы, якой палац мусіць уражваць уяўленне любога, хто туды трапіў.

«Найбуйнейшая люстра ў Палацы Незалежнасці важыць каля двух тон. Вельмі распаўсюджанае пытанне — як жа за імі даглядаюць, як спраўляюцца, як мяняюць лямпачкі», — распавядала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Як даглядаюць і колькі гэта каштуе — сапраўды пытанне. Сам Лукашэнка казаў, што абслуга палаца складаецца літаральна з пары чалавек. Відаць, для гэтай пары чалавек яшчэ ў 2013 годзе ў палац закупілі 140 шафаў для спецвопраткі і больш за 100 камп'ютараў.

То-бок агульная абслуга палаца — гэта сотні чалавек. І калі ім плацяць хаця б сярэдні беларускі заробак, то толькі на заробкі за год сыходзяць мільёны долараў. З улікам камунальных і інжынерных плацяжоў, выдаткаў на рамонты, утрыманне прылягаючай тэрыторыі і асаблівага ахоўнага статусу аб’екта, не будзе перабольшаннем ацаніць выдаткі на яго ўтрыманне мінімум у некалькі дзясяткаў мільёнаў штогод.

Дык што мэта дасягнута. Палац сапраўды ўражвае ўяўленне.

Праўда, яго гаспадару гэта неяк раз адыграла дурную службу. У кастрычніку 2013 года, акурат калі палац ужо быў завершаны, Лукашэнка прымаў у Мінску саміт кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага саюза. Ну і, вядома, захацеў перад імі пахваліцца навасёллем.

І якраз у гэты час ён прасіў у Пуціна чарговыя 350 мільёнаў долараў крэдыту на сваю фінансавую стабільнасць. Бо гэты грандыёзны палац пачалі будаваць у чэрвені 2011 года — у разгар найжорсткага ў гісторыі найноўшай Беларусі фінансавага крызісу, калі інфляцыя ў краіне перавышала 100 працэнтаў. Калі Лукашэнка выпрошваў дзе толькі мог грошай, каб утрымаць курс беларускага рубля.

Таму ў 2013 годзе ён якраз і прасіў у Пуціна гэтыя 350 мільёнаў на пераадоленне наступстваў таго самага крызісу двухгадовай даўнасці. І вось ліхія языкі кажуць, што ўсё ўжо было на мазі, што пытанне з крэдытам было амаль вырашана. Роўна да моманту, калі Пуцін пазнаёміўся з інтэр'ерамі палаца. Але пазнаёміўшыся з інтэр'ерамі палаца, Пуцін рэзка перадумаў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲