«Я проста пацягнуў за штурвал»: неверагодная гісторыя выратавання самалёта, які ляцеў у Тэль-Авіў
5- 1.10.2026, 15:42
- 11,204
Янаў Хаюн скруціў пілота, які ўдарыў нажом камандзіра экіпажа.
Ізраільскі пасажыр самалёта, які ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, расказаў, як ён змог скруціць другога пілота пасля таго, як той ударыў нажом камандзіра экіпажа і, верагодна, паспрабаваў накіраваць Boeing 737 Max 8 у зямлю. Іншыя людзі, што знаходзіліся на борце, апісалі «жудасныя» секунды, калі яны ўжо рыхтаваліся да смерці, паведамляе BBC.
Пасажыр рэйса FZ1073 авіякампаніі Flydubai, які завецца Янаў Хаюн, сустрэўся з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху пасля прызямлення рэзервнага борта ў Тэль-Авіўе. Ён усё яшчэ быў у акрываўленай футболцы.
Улады Ізраіля лічаць, што тое, што адбылося, было спробай джыхадысцкага нападу. Расследаванне інцыдэнту працягваецца, афіцыйных заяў пра матывы падазраванага пакуль не было.
Аднак Flydubai абвясціла, што на час расследавання прыпыняе палёты ў Тэль-Авіў.
Пасля таго як Хаюн абясшкодзіў нападніка, самалёт удалося стабілізаваць, а вымушаную пасадку ў горадзе Табук на паўночным захадзе Саудаўскай Аравіі здзейснілі два іншыя пілоты, якія знаходзіліся на борце ў якасці пасажыраў.

«У крэслах пілотаў нікога не было»
Хаюн сказаў прэм'ер-міністру, што западазрыў нядобрае, калі самалёт раптам пачаў губляць вышыню і менш чым за дзве хвіліны знізіўся на 5,2 тыс. метраў.
«Хтосьці пачаў крычаць, згасла святло», — кажа Янаў Хаюн на відэазапісе, які апублікаваў прэм'ер-міністр Ізраіля.

Пасля гэтага ён разам з іншымі пасажырамі паспрабаваў адчыніць дзверы кабіны пілотаў, але гэта аказалася нялёгкай задачай.
«Пілот, якога паранілі нажом, проста знаходзіўся вельмі блізка да дзвярэй, таму нам было цяжка іх адчыніць», — сказаў Хаюн.
Але, паводле яго слоў, паранены пілот перад тым, як страціць прытомнасць, здолеў адчыніць дзверы.
«Калі я ўвайшоў, я ўбачыў нападніка каля прыборнай панэлі, паміж двума крэсламі… у крэслах пілотаў нікога не было. Адзін ляжаў на падлозе, другі быў каля прыборнай панэлі. Яшчэ адзін хлопец увайшоў [у кабіну] разам са мной. Я схапіў нападніка, узяў яго ў ўдушальны захоп і выцягнуў — перш за ўсё — вонкі».
Паводле яго слоў, нападнік «спрабаваў разбіць прыборы, каб вывесці самалёт са строю».
Янаў расказаў, што паклікаў ізраільцянаў, якія былі ў самалёце, і разам яны «прыціснулі нападніка да падлогі, каб той не змог супраціўляцца».
Янаў таксама патлумачыў, што «пацягнуў за штурвал [самалёта]».
«Вы пацягнулі за штурвал?» — перапытаў Нетаньяху. «Я гляджу перадачу „Расследаванні авіякатастроф“, пане прэм'ер-міністр, — адказаў Янаў. — Самалёт стаў выраўноўвацца, а потым пілот [відаць, ідзе гаворка пра аднаго з пілотаў-зменшчыкаў, якія ляцелі ў самалёце пасажырамі — BBC] сказаў мне, што далей возьме кіраванне на сябе».
Нетаньяху назваў Хаюна «героем» і спытаў, як яму гэта ўдалося. «Мы ж народ львоў, ці не так?» — адказаў пасажыр.
Нетаньяху адказаў, што бачыць перад сабой «вялікага героя» і, указваючы на крывавую пляму на футболцы, спытаў: «Ого, гэта ад яго?», на што пасажыр адказаў: «Так, гэта ад яго». «Тое, што вы зрабілі, проста неверагодна», — сказаў Нетаньяху.
«Адчуванне такое, што прайшоў праз пекла»
Яшчэ адзін пасажыр, Цвіка Менес, расказаў ізраільскаму грамадскаму вяшчальніку Kan, што дапамог скруціць нападніка, а іншыя «дапамаглі звязаць яго з дапамогай яго ўласных пластыкавых сцяжак і шнуроў ад навушнікаў».

«Іншы пілот, які знаходзіўся ў пасажырскім салоне, замяніў другога пілота, дык яны і пасадзілі самалёт», — дадаў гэты чалавек.
Пазней пасажыры рэйса Flydubai былі дастаўлены ў Тэль-Авіў на рэзервовым самалёце. У аэрапорце «Бэн-Гурыён» іх сустрэла мноства людзей з ізраільскімі сцягамі, якія віталі іх музыкай, танцамі і песнямі.
«Слава Богу, я жывы», — сказаў журналістам адзін з пасажыраў Хаім Лазаравіч. — «Найбольш жахлівым падчас гэтага палёту было, калі пілот страціў кантроль».
18-гадовы пасажыр Оран Коэн апісаў перажытае як «вельмі цяжкі момант». «Магчыма, мінула ўсяго пяць хвілін, але адчуванне такое, што прайшоў праз пекла. Я чуў, як мой брат, які сядзеў за мной, пачаў крычаць, што мы ўсе загінем», — дадаў ён.
Супрацоўнік ізраільскай службы хуткай дапамогі пазней сказаў BBC, што некалькі людзей, якія знаходзіліся на борце, «былі вельмі ўзрушаныя і плакалі, калі выходзілі з самалёта».
Камандзір экіпажа, грамадзянін Індыі Сміт Маччхар, які атрымаў нажавыя раненні, дастаўлены ў бальніцу, але знаходзіцца ў стабільным стане, паведаміла індыйскае пасольства ў Саудаўскай Аравіі.
Нападнік арыштаваны, яго дапытваюць саудаўскія ўлады.