Польскі генерал: Ту-95МС, што разбіўся ў Расіі, мог быць датычны да ўдару па Польшчы
2- 1.10.2026, 8:18
- 5,080
Ідзе гаворка пра ракету, якая 30 ліпеня выбухнула ў Люблінскім ваяводстве.
Аператыўны камандуючы родамі войскаў Узброеных Сіл Польшчы генерал Ірэнеуш Новак паведаміў, што стратэгічны бамбавік Ту-95МС, які нядаўна разбіўся ў Расіі, раней мог быць датычны да ўдару паблізу Тарнавы.
Самалёт разбіўся 29 верасня на Далёкім Усходзе РФ, пры гэтым загінуў экіпаж з шасці чалавек. Ірэнеуш Новак адрэагаваў на гэтую навіну, заявіўшы, што менавіта гэты Ту-95МС мог быць носьбітам крылатай ракеты Х-101, якая раней атакавала Польшчу. Сваю рэакцыю польскі генерал апублікаваў на сваёй старонцы ў сетцы X.
«Магчыма, менавіта гэты самалёт нёс ракету Х-101, якая завяршыла палёт паблізу Тарнавы», — коратка адзначыў Новак.
Być może to ten egzemplarz był nosicielem Ch-101 która zakończyła lot pod Tarnawą https://t.co/10cxno3nRE
— Ireneusz Nowak (@E0PALM) September 29, 2026
Паводле звестак выдання «Wiadomosci», ідзе гаворка пра ракету, якая 30 ліпеня, перасякаючы польскую мяжу, выбухнула паблізу вёскі Тарнава-Калонія ў Люблінскім ваяводстве.
«Акт адплаты» ці выпадковасць?
Пасля гэтага паведамлення польскага генерала, які рэдка робіць публічныя заявы з нагоды падобных інцыдэнтаў, з’явіліся версіі, што крушэнне расійскага бамбавіка магло адбыцца «не проста так». Сам Новак у каментары выданню адмовіўся ўдавацца ў падрабязнасці і патлумачыць свае словы больш канкрэтна.
«Я гэта не каментую. Гэта быў асабісты пост, без якога-небудзь больш глыбокага кантэксту. Нам і так хапае сенсацый», — падкрэсліў ён.
Іншы высокапастаўлены польскі вайсковец, былы кіраўнік Ваеннай разведкі, брыгадны генерал Марэк Лапіньскі адзначыў, што «калі б нашы службы мелі такія магчымасці і скарысталіся імі, мы былі б сапраўднымі ідыётамі, калі б якім-небудзь чынам гэта пацвердзілі».
Былы камандзір Цэнтра паветраных аперацый, генерал-палкоўнік авіяцыі Славамір Дыгнатаўскі, са свайго боку, заявіў, што Аператыўнае камандаванне Узброеных Сіл магло проста мець дакладныя даныя пра тое, што менавіта гэты самалёт у ліпені падымаўся ў паветра для абстрэлу Украіны. Ён дадаў, што за гэтым неабавязкова павінны стаяць нейкія тэорыі ці сакрэтныя аперацыі.
«Няма нічога сенсацыйнага ў тым, што гэты самалёт, так бы мовіць, нарэшце назаўсёды «прыпаркаваўся» на зямлі. Але мы з вялікім задавальненнем успрынялі гэтую інфармацыю і чакаем працягнення», — заявіў Дыгнатаўскі.
Ён таксама патлумачыў, што падчас кожнага вылету такога самалёта вывучаецца яго маршрут, каб вызначыць, што можа стаць патэнцыйнай мішэнню абстрэлу. У такіх выпадках Польшча абапіраецца на даныя саюзнікаў, каб даволі дакладна вызначыць ўчасткі, якія могуць падпасці пад атаку, а таксама накірункі атакі.