Што стаіць за расійскім «тушкападам»
5- Канстанцін Крывалап
- 1.10.2026, 7:04
- 11,212
РФ можа застацца без апошніх баяздольных Ту-95.
Расія страціла стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95МС: 29 верасня ў Амурскай вобласці ў самалёта адразу пасля ўзлёту адмовілі тры з чатырох рухавікоў. Але ці магло гэта быць звязана з неякасным палівам?
Звычайна праблемы з палівам у самалётаў звязаныя з працэсам яго парафінізацыі. Аднак гэта бывае ўзімку, калі холадна. Цяпер жа, відавочна, усё адбылося пры плюсавых тэмпературах.
Таксама малаверагодная версія пра магчымую дыверсію, пра якую некаторыя кажуць. Справа ў тым, што на такіх аб’ектах, з такой тэхнікай працуюць, як правіла, адны і тыя ж знаёмыя людзі, то бок усе свае, усе навідавоку. Чужака там бы заўважылі. І зрабіць нешта з палівам у такіх умовах — наўрад ці магчыма.
З іншага боку, каб такі самалёт, як Ту-95МС, узляцеў і паляцеў, яму патрабуецца амаль дзве чыгуначныя цыстэрны паліва. І тут, калі пафантазіраваць, могуць быць варыянты кшталту таго, што ў гэтых цыстэрнах перавозілі нейкае неякаснае паліва, а потым залілі паліва для Ту… Ды і ў цэлым можна дапусціць, што якасць авіяцыйнага паліва для самалётаў у РФ сапраўды пагаршаецца. Бо далёка не ўсе расійскія заводы здольныя вырабляць авіяцыйнае паліва. Адна справа, калі выкарыстоўваецца паліва Т-1, іншая — калі ТС-1. Другі варыянт — гэта паліва з дамешкамі серы. І калі гэтых дамешак занадта шмат, то могуць узнікнуць праблемы.
У той жа час, калі б сітуацыя была звязаная выключна з неякасным палівам, на якое магла б адрэагаваць адчувальная апаратура самалёта, то мусіў бы адмовіць і чацвёрты рухавік (а адмовілі, нагадаю, толькі тры). Больш за тое, няспраўнасці можна было б выявіць яшчэ на зямлі — падчас рулення самалёта, разагрэву яго рухавікоў…
Таму, думаю, прычына тут значна прасцейшая. Найхутчэй, гаворка пра ўзрост гэтых самалётаў, якія ўжо даўно адпрацавалі свой рэсурс. Усе рухавікі на іх, хоць і могуць быць розных мадыфікацый, ужо даволі старыя. Яны сапраўды надзейныя, але існуюць з 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. Таму, мяркую, гэтая сітуацыя магла быць звязаная з праблемамі паліўнай сістэмы, паліўна-змазачнай сумесі.
Наколькі гэтая праблема можа распаўсюджвацца на ўвесь авіяпарк? Паводле ацэнкі The Military Balance за 2021 год (шторазовае выданне Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (Лондан), якое змяшчае ацэнку ваеннага патэнцыялу і абароннага комплексу 171 краіны свету), усяго Ту-95 у Расіі налічвалася шэсць дзесяткаў машын. Калі глядзець паводле даных Мінабароны РФ, то атрымлівалася 47 такіх самалётаў. А калі ў 2022 годзе падлічылі, колькі ж «Ту» там знаходзіцца «на крыле», колькі здольныя лятаць, то налічылі ці то 27, ці то 27 машын, якія пастаянна кудысьці перамяшчалі, змянялі іх пазіцыі на аэрадромах і так далей.
Аднак гэта не азначае, што самалёты, якія знаходзіліся ў якой-небудзь эксплуатацыі, абавязкова ўсе былі «на крыле».
Калі паглядзець на даныя 2023 года, то найбольшая колькасць самалётаў Ту-95, якія выкарыстоўвала РФ і з якіх запускалі па нас ракеты Х-101, калі не памыляюся, складала 20. І гэта быў нейкі самы магутны ўдар. Бо звычайна спачатку было 16 самалётаў, потым 14, а пасля ўжо стала і 12…
Зараз больш за 6–7 «тушак» ужо не ўзлятае.
Калі прасачыць за змяненнем бартавых нумароў, то можна ўбачыць, што ў РФ засталося «на хаду» не больш за 17 самалётаў. І апошнім часам вялікая колькасць працягвае выходзіць з ладу — 5–6 з іх, можна меркаваць, знаходзяцца на працяглым рамонце. А паведамленні пра выкарыстанне датычацца толькі 10–12 самалётаў. З іх мы, калі не памыляюся, ужо паразілі тры. То бок застаецца каля 9 машын. А калі ўзяць да ўвагі выпадак з Ту-95МС ад 29 верасня, то складаецца сітуацыя, што ў расіян можа заставацца «на крыле» толькі 8.
Канстанцін Крывалап, УНІАН