У Беларусі расце захворвальнасць на ВРІ і грып
- 21.01.2026, 21:06
- 2,262
Калі будзе пік?
Пасля навагодніх і калядных канікулаў у Беларусі пачала расці захворвальнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Эпідэмічная сітуацыя чаканая: дзеці і дарослыя вярнуліся ў школы, дзіцячыя сады і на працу, а разам з імі — і сезонныя вірусы. Пакуль паказчыкі трымаюцца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, але ўжо да канца студзеня — пачатку лютага медыкі прагназуюць прыкметны рост колькасці захварэлых.
Лабараторны маніторынг паказвае: у краіне найбольш актыўна цыркулюе вірус грыпу A(H3N2). Паралельна выяўляюцца адзінкавыя выпадкі грыпу B. Акрамя таго, працягваюць «хадзіць» і негрыпозныя ВРІ — вірусы парагрыпу, адэнавірусы, рынавірусы, бокапарвавірусы, метапнеўмавірусы, сезонныя каранавірусы, а таксама SARS-CoV-2.
Вакцынацыя супраць грыпу ў сезоне 2025/2026 была скіраваная найперш на групы рызыкі — для прафілактыкі цяжкага цячэння хваробы і ўскладненняў. Паводле афіцыйных даных, прышчэпкі атрымалі больш за 1,38 млн чалавек, у тым ліку звыш 256 тысяч дзяцей.
Шматгадовыя назіранні пацвярджаюць: часцей за ўсё на грып хварэюць тыя, хто не быў вакцынаваны ў бягучым сезоне. Даследаванні эфектыўнасці вакцын паказваюць высокія вынікі. У сезоне 2022–2023 абарона ад лёгкіх формаў грыпу склала 71,6%, у сезоне 2024–2025 — ужо 88,5%. Эфектыўнасць вакцынацыі супраць цяжкага цячэння грыпу ў мінулым сезоне ацэньвалася ў 83,8%.