Расію заблакавалі і прынізілі
- Аляксандр Каваленка
- 18.01.2026, 13:28
- 3,250
Як ідзе паляванне на танкеры ценевага флоту і чаго чакаць у найбліжэйшы час.
Пачынаючы з канца 2025 года расійскамуценеваму флоту стала зусім няўтульна як у акваторыі Чорнага мора, так і па-за ёй. На нафтавыя танкеры, што знаходзяцца пад санкцыямі, пачалося самае сапраўднае паляванне: амаль штодня прыходзіць інфармацыя пра чарговую атаку такога судна, якое абслугоўвае экспарт расійскага «чорнага золата». Але наколькі гэта сур'ёзная пагроза для Расіі і як можа быць маштабавана гэтае паляванне?
28 лістапада ў Чорным моры была зафіксаваная першая, накіраваная атака на два расійскія нафтавыя танкеры з складу расійскага ценевага флоту – Kairos і Virat. Гэта адбылося каля паўночнага ўваходу ў Басфор.
Тады ўзніклі пытанні, што ж гэта было. Ці быў падрыў на дрэйфуючай марской міне, ці на танкерах заклалі выбуховыя прылады? Але адказ не прымусіў сябе доўга чакаць — гэта была атака ўкраінскіх марскіх дронаў тыпу Sea Baby.
Але ці быў гэта сітуацыйны акт супраць расійскага ценевага флоту, ці мы былі сведкамі пачатку новага акту блакіравання Чорнага мора для расійскага падсанкцыйнага суднаходства? І адказ зноў быў атрыманы хутка, бо ўжо раніцай 29 лістапада танкер Virat быў паўторна атакаваны і цалкам выведзены з працаздольнага стану.
Стала відавочна, што ў Чорным моры пачалося паляванне на расійскія нафтавыя танкеры ценевага флоту.
Трафеі
З пачатку новага паляўнічага сезона прайшло паўтара месяца, і за гэты час Украіна правяла шэраг удалых атак на расійскі ценевы флот з усімі вынікаючымі наступствамі. Але спачатку пра трафеі.
Пасля ўдалай сумеснай аперацыі 13-га Галоўнага ўпраўлення ваеннай контрвыведкі СБУ і ВМС Украіны па танкерах Kairos і Virat адбылося нешта вельмі незразумелае з суднам кампаніі Beşiktaş Denizcilik, якое каля берагоў Сенегала рэзка страціла ход і пачало тануць. Прымечальна, што судна да таго наведвала расійскі порт Тамань. Гаварыць пра датычнасць украінскага боку да гэтага надзвычайнага здарэння няма аб'ектыўных падстаў, але адбылося гэта 30 лістапада — дзіўным чынам літаральна адразу пасля атакі па танкерах Kairos і Virat. Супадзенне?
2 снежня 2025 г. стала вядома, што ў Чорным моры быў атакаваны расійскі танкер Midvolga 2, які ішоў з РФ у Грузію з грузам сланечнікавай аліі. Атаку здзейснілі ўдарныя дроны самалётнага тыпу неўстаноўленай прыналежнасці. Ці былі гэта ўкраінскія ўдарныя дроны?
Як бы там ні было, але ў выніку кошты на страхаванне суднаў у Чорным моры рэзка выраслі: з 0,25–0,3% ад кошту судна на пачатку лістапада да 0,5–0,75% на пачатак снежня. Рост коштаў для танкераў і балкераў, звязаных з Расіяй, склаў у 3,5 раза і больш!
Раніцай 10 снежня марскія дроны СБУ Sea Baby паразілі чарговы танкер расійскага ценевага флоту ў Чорным моры — DASHAN.
13 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў: «Украіна ўвяла найбуйнейшы санкцыйны пакет супраць танкераў і іншых суднаў, якімі расіяне карыстаюцца для перавозкі нафты і іншых энергакрыніц». Усяго пад санкцыі трапілі амаль 700 марскіх суднаў, што істотна пашырала спіс суднаў, якія падлягаюць паляванню.
У ноч на 18 снежня ў порце Растова быў нанесены ўдар па танкеры «Валерий Горчаков», а ўжо 19 снежня была праведзеная бамбардзіроўка танкера QENDIL.
Бамбардзіроўка QENDIL ажыццяўлялася з дапамогай дрона «Баба Яга», а сам выпадак быў беспрэцэдэнтным і ўнікальным, бо аперацыя ўпершыню праводзілася ў Міжземным моры! І гэта стала яскравым сігналам, што ніводнаму расійскаму танкеру не ўдасца схавацца ад пераследу ў нейкай нібыта спакойнай і бяспечнай акваторыі або гавані.
7 студзеня быў атакаваны расійскі танкер ELBUS, які ішоў пад сцягам Палау ў порт Наварасійск для загрузкі нафтай. Дроны атакавалі танкер у Чорным моры каля горада Кастамону, у выніку чаго судна страціла ход і яго адбуксіравалі ў турэцкі порт Інеболу.
Гэта атака засталася мала заўважанай, бо 7 студзеня ЗША правялі аперацыю па затрыманні двух расійскіх танкераў ценевага флоту Marinera і Sophia. І тут, трэба адзначыць, амерыканцы вельмі актыўна ўключыліся ўжо ў сваё паляванне — у першую чаргу на танкеры, што выходзяць з Венесуэлы. Але па дзіўным супадзенні большая іх частка аказалася танкерамі расійскага ценевага флоту.
У пэўным сэнсе Вашынгтон падсабіў Кіеву ў пытаннях ціску і палявання на расійскія танкеры.
14 студзеня каля ўзбярэжжа Наварасійска былі адначасова атакованы чатыры танкеры расійскага ценевага флоту, якія ішлі ў порт для загрузкі нафтай.
Як бачым, сістэмнасць удараў па расійскіх судах паказвае, што гэта не нейкія адзінкавыя выпадкі, а непасрэднае, санкцыянаванае паляванне на ценявы флот. Прычым удзел у гэтай «траўлі» ізгояў актыўна прымаюць не толькі ўкраінскія марскія і паветраныя дроны, але і Берагавая ахова ЗША.
ЗША падсабілі
17 снежня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што ён уводзіць блакаду падсанкцыйных нафтавых танкераў Венесуэлы, сярод якіх былі і прадстаўнікі расійскага ценевага флоту.
У другой палове снежня разгарэлася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя з пераследам танкера Bella 1, які кінуўся наўцёкі ад Берагавой аховы ЗША, намаляваў на борце расійскі сцяг і рэзка стаў рэгістраваць сябе ў порце прыпіскі — Сочы з перайменаваннем у Marinera. Відаць, экіпаж гэтага танкера палічыў, што расійская рэгістрацыя і сцяг РФ адпудзяць амерыканцаў, але — не.
Удзень 7 студзеня на палубу танкера Marinera была здзейсненая высадка дэсантнікаў Берагавой аховы ЗША і праведзены арышт як экіпажа танкера, так і самога судна. Паралельна ў водах Карыбскага мора быў затрыманы танкер Sophia.
9 студзеня амерыканцамі паблізу Трынідада было затрымана судна Olina.
Усяго за паўтара месяца Берагавая ахова ЗША правяла мінімум шэсць затрыманняў каля берагоў Венесуэлы і не толькі танкераў са складу ценевага флоту.
Расію заблакавалі і прынізілі
Расійская Федэрацыя апынулася ў становішчы, калі яна не здольная абараніць свае танкеры ні ў Чорным моры, ні ў Міжземным, ні ў Карыбскім і відавочна ні ў якім іншым.
Украіна мэтанакіравана яшчэ і выводзіць танкеры з працаздольнага стану, што стварае пэўныя праблемы з фрахтам, страхоўкай і наогул жаданнем экіпажаў выходзіць у мора на такіх судах, рызыкуючы загінуць або быць параненымі пасля чарговага ўдару.
Расія ўжо нясе істотныя рэпутацыйныя і фінансавыя страты — як прамыя, так і ўскосныя.
Фактычна 2025 год завяршыўся для расійскага ценевага флоту анансам вялікай сілавой кампаніі супраць яго, якая цягам 2026-га будзе значна маштабавацца. За мінулыя паўтара месяца было сумарна атакавана не менш чым дзесяць расійскіх танкераў, або, груба кажучы, па танкеры кожныя 4–5 дзён.
Калі такая інтэнсіўнасць захаваецца, то Расія можа пазбавіцца 10% усяго падсанкцыйнага ценевага флоту. Каму-небудзь можа падацца, што гэта не асабліва істотная шкода, але гэта кардынальна няправільнае ўяўленне. Ужо цяпер, калі быў атакаваны 1% ад агульнай колькасці расійскіх танкераў, для РФ пачаліся сур'ёзныя праблемы. І кожны дзень, што працягваецца паляванне, будзе пагаршаць яе становішча.
З-за санкцый расійскія танкеры вымушаныя перавозіць нафту па максімальна нявыгадных, фінансава затратных маршрутах. Напрыклад, танкер Fortis перавозіў каля 700 тысяч барэляў сырой нафты ў кітайскі порт Жычжао амаль 11 тыдняў: з Усць-Лугі (Балтыйскае мора) праз Міжземнае мора і Суэцкі канал, з перагрузкай у Індыі і толькі потым у Кітай.
Але пашырэнне арэала палявання на расійскія танкеры, акрамя санкцый, ператворыць такія перавозкі ў знясільвальнае, бясконцае вандраванне па морах, каналах і акіянах.
І нешта мне падказвае, што паляванне на расійскія танкеры ў 2026 годзе не будзе стагнаваць, а наадварот — інтэнсіфікавацца. Значна пашыраючы арэал паляўнічых угоддзяў.
Аляксандр Каваленка, OBOZ.UA