8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы
5- 8.09.2025, 9:10
- 2,604
Перамаглі ў 1514-м — пераможам і сёння!
511 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага разграмілі войскі Маскоўскага княства, якія пераўзыходзілі іх амаль у тры разы.
Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі яго войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30-тысячнае войска ВКЛ, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска. Князь, брацлаўскі і вінніцкі староста, трокскі ваявода да таго часу правёў больш за пяцьдзясят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў.
Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юрый Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі — слуцкі князь Юрый Алелькавіч і Іван Сапега.
Перамога князя Канстанціна Астрожскага над рацю маскоўскіх баяраў у значнай ступені была вызначана масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку XVI стагоддзя была сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве.
Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войска. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вырашальную ролю ў разгроме саманадзейных ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцына.
Астрожскі выставіў супраць маскавітаў тры тысячы вопытных стральцоў, яшчэ і з гарматамі. Яны білі ворага не толькі спераду, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь наступальны баявы парадак наскрозь.
Вартая ўвагі і падрыхтоўка, праведзеная гетманам напярэдадні генеральнай бітвы, калі трэба было сакрэтна выставіць гарматы на пазіцыі. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гармат лёгкую кавалерыю, якая адцясніла маскавітаў ад навядзеных праз раку Дняпро мастоў.
Па іх і прайшлі возы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя ВКЛ таксама выканала завабны манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Сігізмунд Герберштэйн у вядомых «Запісках аб Масковіі» (1549), маскоўскія ратнікі трапілі пад масіраваны агонь артылерыі ВКЛ. Змятаючы першыя шэрагі, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гармат на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна гарматнікі Астрожскага сваім баявым майстэрствам падрыхтавалі рашучую контратаку цяжкай конніцы, закутай у латы максіміліянаўскага тыпу, якая наносіла ўдар кап'ямі ў зімкнутым строі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі разбітых ворагаў да берага ракі Крапівны, у водах якой патанула мноства ваяроў Масковіі.
Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, якія выбудоўвалі маскоўскі цар і імператар Святой Рымскай імперыі. Паводле іх Вялікае Княства Літоўскае павінна было спыніць сваё існаванне як незалежная дзяржава, а яго землі — адысці да Масквы.
У бітве пад Оршай наша краіна адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскай дзяржавы. Бітва сарвала вялікі саюз Святой Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе германскі імператар адмовіўся ад саюзу з Масквой, а ўступіў у саюз з вялікім князем літоўскім і польскім каралём.
Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі напрыканцы 1980-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Мінску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Мінску былі прыведзены да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.
Беларусы і сёння працягваюць слаўныя традыцыі гетмана Астрожскага і сваіх продкаў, змагаючыся ў складзе добраахвотніцкіх злучэнняў супраць расійскай арміі ва Украіне.
Вайсковую славу беларусаў, здабытую пад Оршай, штодзённа пацвярджаюць беларускія добраахвотнікі ва Украіне. Байцы палка адшліфавалі сваё майстэрства ў баях на самых складаных участках фронту.
Ваенныя эксперты высока ацэньваюць ваеннае майстэрства і досвед беларускіх добраахвотнікаў.
«Перамаглі ў 1514-м — пераможам і сёння!».