Перамога пад Оршай: як нашы продкі ўжылі агнявы бой пры разгроме маскавітаў
1- 7.09.2025, 13:24
- 2,788
Геніяльная тактыка Астрожскага адточвалася загадзя.
Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў у многім была вызначаная масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку XVI стагоддзя была сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве.
Маскоўскія ваяводы разлічвалі на баявую моц арміі, якая паспяхова змагалася паводле шаблонаў сярэднявечнага воінства. Цяжкая конніца наносіла таранны ўдар, а ворага дабівалі пры панічным адступленні лёгкія вершнікі, што засыпалі ўцекачоў ліўнем стрэл.
Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войска. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вырашальную ролю ў разгроме саманадзейных ваявод Івана Чэлядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы. Недарма сучасны расійскі даследчык В.Пенской, аналізуючы ход Аршанскай бітвы, указаў на рэвалюцыйную тэндэнцыю вайсковай думкі Астрожскага. Аджыўшая сярэднявечная тактыка не вытрымала сутыкнення з тактыкай новага строю, насычанага агнявым боем, хай і яшчэ недасканалай, але парахавай артылерыяй.
У Еўропе даволі працяглы час стралковая агнястрэльная зброя не вытрымлівала канкурэнцыі з арбалетамі і лукамі.
Але ў XV стагоддзі бургундцы наймаюць немцаў і фламандцаў з аркебузамі. Ужыванне кулеврынаў пачынае набываць масавы характар, і гэта прыкметна ўжо ў войнах Карла Смелага. Аднак на першых парах страляць з грувасткіх аркебуз было рызыкоўнай справай. Зброя доўга зараджалася, і спрытны хлопец з алябардою мог у лічаныя імгненні падкрасціся да стралка, каб у лютасці знесці яму галаву адным магутным ударам. Лічылася, што выкарыстанне агнястрэльнай зброі — справа нягоднікаў, якім чужое ўсялякае паняцце высакароднасці, павагі да праціўніка на полі бою.
Гусіты першымі ва Усходняй Еўропе расправіліся з рыцарамі Габсбургаў, усталяваўшы невялікія гарматы на сваіх возах, з якіх яны з далёкай дыстанцыі маглі паспяхова громіць рыцарскі конны строй. Сваю тактыку чэхі «экспартавалі» венграм, якія пачалі біць туркаў з дапамогай гарматаў на возах ужо ў 1470-х гадах. Нават бясстрашныя сіпахі і янычары вялікага султана падалі ніц перад залпамі грукатлівых гармат.
Гетман Астрожскі, безумоўна, прыгадваў у 1514 годзе тактыку літвінаў мінулых гадоў. Паказальнай была сустрэча войскаў Вітаўта на полі Грунвальда з артылерыяй Тэўтонскага ордэна. Храніст Ян Длугаш згадаў, што бомбарды рыцараў не змаглі спыніць атакі конніцы літвінаў з-за маруднасці артылерыстаў, якія зрабілі па наступаючых не больш за два стрэлы.
Адмовіцца ад арбалетаў польскую пяхоту ў XV стагоддзі прымусіла з’яўленне рушніц (rusznica), якія цалкам перамаглі арбалет да пачатку Лівонскай вайны. Рушніцы ў змаганні пры Клецку дапамаглі літвінам адолець татараў, якія не мелі такога ўзбраення і разлічвалі на традыцыйныя лукі са стрэламі.
Паказальны бой пры Вішневцы 1512 года. Тады гетман Канстанцін Астрожскі вырашыў выставіць перад наступаючай татарскай конніцай трыста стралкоў з рушніцамі, якія залпамі пазбівалі вершнікаў з сёдлаў. Татары спрабавалі засыпаць літвінаў стрэламі, але неслі жорсткія страты ад пальбы літвінскай пяхоты.
Досвед агнявога бою ўжо ў большых маштабах быў распаўсюджаны ў бітве пад Оршай 1514 года, калі гетман выставіў супраць маскавітаў ужо не 300, а тры тысячы дасведчаных стралкоў, ды яшчэ і з гарматамі. Білі маскавітаў не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь наступаўшы баявы парадак навыскрозь. Куля зразіла ў першых радах князя Івана Іванавіча Цёмку Растоўскага, які камандаваў кастрамічамі ў Перадавым палку.
Прыкметная была падрыхтоўка, праведзеная гетманам напярэдадні генеральнай баталіі, калі неабходна было патаемна выставіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу аруддзяў лёгкую кавалерыю, якая адганяла старажоў маскавітаў ад навядзеных праз раку Дняпро мастоў.
Па іх і прайшлі возы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя літвінаў выканала таксама заманлівы манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Зігізмунд Герберштэйн у вядомых «Запісках пра Масковію» (1549), ратнікі князя Міхайлы Івана Андрэевіча трапілі пад масіраваны агонь літвінскай артылерыі. Змятаючы першыя рады, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гармат на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.
Фактычна пушкары Астрожскага сваім вайсковым майстэрствам падрыхтавалі рашучую контратаку закутай у латы максіміліянаўскага тыпу цяжкай конніцы, што наносіла ўдар кап’ямі ў змыкнутай лініі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі разбітых ворагаў да берага ракі Крапіўны, у водах якой, як сцвярджае Пскоўскі летапіс, і патанула мноства воінаў Масковіі.