24 кастрычнiка 2026, Субота, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дык хто каго прынізіў?

7
Дык хто каго прынізіў?

Лукашэнка пралічыўся са Статкевічам.

Дэпартацыя палітвязняў пад выглядам вызвалення ставіць мноства пытанняў як маральных, так і юрыдычных. 11 верасня некалькі чалавек з 52 пажадалі застацца ў сябе на радзіме, але застаўся адзін. Вядома, гэта велізарная радасць, што людзей вывезлі з таго пекла, дзе іх трымалі ў нечалавечых умовах, але, з другога боку, якое ж гэта вызваленне, калі пад канвоем давезлі да мяжы і выкінулі з краіны на чужыну.

Не далі пабачыцца з роднымі, блізкімі, сябрамі. Не далі зайсці да сябе дадому, прайсці па вуліцах свайго горада, нічога... Па сутнасці, людзей адправілі этапам пад канвоем не з адной калоніі ў іншую, а з камеры за межы краіны. Сваёй роднай краіны з усімі яе гарадамі, вёскамі, людзьмі, пахамі... Кожны з тых, каго трымалі ў няволі, успамінаў свой дом, уяўляў, што ён зробіць найперш, калі апынецца на волі, але толькі і ў думках не было, што ўсё можа адбыцца менавіта так. Мала таго, што спачатку пазбавілі волі за тое, што чалавек хацеў мець права выбару, дык цяпер яшчэ і хочуць прынізіць, выкінуўшы з роднага дому.

Змяшаныя пачуцці – эйфарыя ад таго, што палітвязні на волі, і ў той жа час такая горыч ад таго, што людзям яшчэ раз у найагіднейшай форме адмовілі ў праве выбару. Можна сабе ўявіць, як чалавек з інфармацыйнага вакууму трапляе ў аўтобус, і праз гадзіну высвятляецца, што яго дэпартуюць з краіны.

Што «ў краіне не да законаў» ён адчуў на сваёй скуры, але афіцыйных заяў ён жа не бачыў. Пра якую дэпартацыю можа ісці гаворка, калі паводле закона Рэспублікі Беларусь яна можа прымяняцца выключна да замежнікаў? Так, у спісе з 52 чалавек 14 былі грамадзянамі іншых дзяржаў. І хоць за іх усё вырашылі, але яны хаця б адправіліся да сябе дадому. А што зрабілі з астатнімі, з грамадзянамі Беларусі?

Закон, які ніхто не адмяняў, кажа, што нельга дэпартаваць грамадзяніна Беларусі з Беларусі! Больш за тое, яму можна толькі абмежаваць выезд за мяжу, ды і тое за нейкія пэўныя парушэнні закона. Дэпартаваць можна толькі замежніка і неабавязкова пад канвоем. І ён яшчэ можа абскардзіць гэтае рашэнне.

Праўда, ёсць яшчэ і такая катэгорыя, як асобы без грамадзянства. У Беларусі асоб без грамадзянства закон прыраўноўвае да замежнікаў. У некаторых палітвязняў перад дэпартацыяй забралі пашпарты. Можа, хочуць пазбавіць грамадзянства?

Дык што ж адбылося на беларуска-літоўскай мяжы 11 верасня? Паводле слоў відавочцаў, Мікалай Статкевіч выбіў дзверы аўтобуса і выйшаў, каб застацца на радзіме. Месяц таму яму споўнілася 69 гадоў. З траўня 2020-га ён быў у ізаляцыі. Улады адправілі яго за краты на ўсялякі выпадак, баючыся, што ён можа ўзначаліць вулічныя пратэсты, бо атмасфера ў краіне была накаленая да краю. Прэвентыўна адправілі за краты яшчэ некалькі лідараў грамадзянскай супольнасці.

Што адчувае чалавек у 64 гады, калі яму абвяшчаюць прысуд – 14 гадоў пазбаўлення волі? 14 гадоў за тое, што ён мог бы ўдзельнічаць у акцыях? А калі яго змяшчаюць у такія ўмовы, якія мусяць фізічна паскорыць смерць? А апошнія два гады ў рэжыме інкамунікада – ні адваката, ні званкоў, ні лістоў... Ці разумеў Статкевіч, што яго знішчаюць? Не сумняваюся ў гэтым.

І вось у яго з'яўляецца шанец выратаваць сваё жыццё. Але ён выбівае дзверы аўтобуса і выходзіць, каб не ехаць туды, адкуль не зможа вярнуцца. Пры гэтым за мяжой у яго ёсць дочкі і ўнукі, якіх ён не бачыў некалькі гадоў. І ўсё ж ён сядзіць некалькі гадзін на мяжы, а на ўсе ўгаворы адказвае, што застанецца са сваім народам, куды б яго ні змясцілі.

Фізічна зняможаны чалавек у свае 69 гадоў паказаў сваім кàтам, што ў яго ёсць тое, чаго ў іх ніколі не было і не будзе – свабода. Свабода, якую ў яго ніхто не адбярэ. Свабода, што жыве ўнутры.

Камеры зафіксавалі, як Мікалай Статкевіч аддаляецца ў суправаджэнні беларускіх сілавікоў ад літоўскай мяжы ў бок Беларусі. Ці ведаў ён, што прывезлі яго аўтобусам на мяжу пасля працяглых перамоў амерыканскіх палітыкаў з Лукашэнкам у межах абмену на зняцце санкцый з «Белавія»? Зразумела, што не ведаў, але нават калі б і ведаў, гэта нічога б не змяніла. Статкевіч заўсёды быў супраць вызвалення любой цаной. Ён далёка не ўпершыню апынуўся за кратамі. Пачынаючы з першага Маршу Свабоды ў 1999-м і да нашых дзён лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў неаднаразова станавіўся вязнем сумлення і ніколі не прасіў аб памілаванні. Статкевіч і цяпер быў у турме толькі таму, што гэтага захацеў адзін чалавек.

І гэты чалавек пагадзіўся абмяняць Статкевіча на запасныя часткі да самалётаў, разлічваючы яшчэ больш прынізіць яго годнасць. І пралічыўся. Дык хто каго больш прынізіў? Нявінны, у тым ліку ў вачах грамадскасці, Статкевіч аддаў перавагу турме, а не такой «свабодзе». Дык ён яшчэ і нагадаў усяму свету чарговы раз, што ў суседнюю краіну ён можа выехаць, і там яму будуць рады, а вось яго кат — не. А калі паспрабуе, то будзе арыштаваны і перададзены Міжнароднаму суду, і судзіць яго будуць паводле закона, якім бы гэты закон ні быў.

Беспрэцэдэнтная сітуацыя: Мікалая Статкевіча вызвалілі на вачах у ўсяго свету, а ён адмовіўся пакінуць краіну. Бо гэтае права яму гарантуе закон. Як цяпер адправіць яго за краты? Бо ён вызвалены, і пра гэта ёсць подпіс самых першых асоб. Каб чалавека зноў пасадзіць у турму, трэба яго як мінімум абвінаваціць у нейкім злачынстве і судзіць. Так, народу было абвешчана, што «ў краіне не да законаў», і разлічваць на выкананне хоць якіх-небудзь прававых нормаў не выпадае. Сітуацыя нібыта прадказальная, але Статкевіч паказаў, што ўсё прадказальна да пары да часу.

Любоў Лунева, «Белсат»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲