Лідара найбуйнейшай апазіцыйнай партыі Грузіі памясцілі пад арышт
1- 14.09.2025, 13:44
- 5,760
Напярэдадні палітык анансаваў «мірную рэвалюцыю» на 4 кастрычніка.
У Грузіі аднаму з лідараў найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Адзінства — Нацыянальны рух» Левану Хабеішвілі абралі меру стрымання ў выглядзе арышту.
Пра гэта паведамляе «Грузія Online».
Рашэнне вынесла суддзя Пікрыя Сіктурашвілі. Хабеішвілі будзе дастаўлены ў Рустаўскую пенітэнцыярную ўстанову № 12.
Абарона хадайнічала аб прымяненні закладу ў дачыненні да Хабеішвілі і розных абмежавальных мераў, у прыватнасці пра выкарыстанне электроннага бранзалета і хатні арышт. Таксама прапаноўвалася абмежаваць магчымасць рабіць заявы.
Левана Хабеішвілі затрымалі 11 верасня. Паводле інфармацыі грузінскіх сілавікоў, яго затрымалі «па абвінавачанні ў публічным абяцанні грашовай узнагароды чыноўнікам у выглядзе хабару».
Гэта звязана з яго прапановай выплаціць па 200 тысяч долараў сілавікам, якія адмовяцца ўдзельнічаць у разгонах антыўрадавых мітынгаў і выконваць іншыя загады, а таксама абнародзяць сакрэтныя матэрыялы, звязаныя з іх службай.
Лідару грузінскай апазіцыі пагражае ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі.
У Службе дзяржаўнай бяспекі Грузіі пацвердзілі затрыманне яшчэ аднаго апазіцыянера — Муртаза Зодэлава, якому, паводле ведамства, Хабеішвілі перадаў свой тэлефон, а той нібыта спрабаваў уцячы і аказваў супраціў сілавікам.
У дачыненні да яго суд абраў меру стрымання ў выглядзе закладу ў памеры 25 тысяч лары.
Раней Леван Хабеішвілі анансаваў «мірную рэвалюцыю» на 4 кастрычніка, калі ў краіне запланаваныя выбары ў органы мясцовага самакіравання — якія «Адзінства — Нацыянальны рух» вырашыў байкатаваць.
Акрамя таго, апошнія некалькі месяцаў Хабеішвілі распаўсюджвае паведамленні пра канфлікты сярод лідараў кіруючай партыі «Грузінская мара».
Апошнімі месяцамі ўлады Грузіі ўзмацнілі ціск на апазіцыю, незалежных журналістаў і актывістаў на фоне працяглых антыўрадавых пратэстаў праз адмову ад руху ў Еўрапейскі Саюз.
Грузінскія ўлады таксама пачалі барацьбу супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія падтрымлівалі пратэсты.