5 снежня 2025, Пятніца, 10:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абрынуліся руіны сядзібы ў Дзікушках Лідскага раёна

4
Абрынуліся руіны сядзібы ў Дзікушках Лідскага раёна

Раней чыноўнікі адмовіліся іх ратаваць.

Пра разбурэнне шляхецкай сядзібы паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына». Сёння раніцай турысты наведалі сядзібу, але заспелі яе ўжо ў разбураным стане. З іх словах, паркавы фасад абрынуўся літаральна за гадзіну да іх прыезду.

Дзікушкі першапачаткова былі вялікакняскім маёнткам, якім пасля валодалі Храптовічы, Тышкевічы, Вішнявецкія, Нарушэвічы, Хадкевічы. У канцы XVIII стагоддзя Дзікушкі набылі Грабоўскія, якія пабудавалі ў вёсцы Спаскую царкву ў стылі класіцызму.

Нягледзячы на тое, што сядзіба ў Дзікушках паўсюль называецца сядзібай Грабоўскіх, каменны панскі дом, які дайшоў да нашага часу, напраўду пабудавалі Мінейкі, якія валодалі вёскай у міжваенны час. Блытаніну, мабыць, стварыў вонкавы выгляд сядзібы, які нагадвае сядзібы ў стылі класіцызму XIX стагоддзя.

Калісьці гэта была аднапавярховая сядзіба з мезанінам і цокальным паверхам, на якім размяшчалася кухня і дапаможныя памяшканні. Парадны ўваход быў выдзелены порцікам на чатырох іанічных калонах, а паркавы фасад упрыгожваў паўкруглы порцік на шасці дарычных калонах, якія неслі на сабе вялікі балкон, куды можна было выйсці з мезаніна.

У пасляваенны час сядзібны дом займала кантора саўгаса, затым — клуб. У 1970-я гады будынак быў закінуты і стаў імкліва разбурацца. Да нашага часу захаваліся толькі руіны муроў сядзібы і два яе порцікі. Адзін з міжаконняў сцяны за паркавым порцікам даўно разбурыўся і фасад шмат гадоў літаральна вісеў у паветры, страціла ніжнюю частку і адна з калон порціка.

Нягледзячы на небяспечную аварыйнасць, маляўнічыя руіны вабілі турыстаў з усёй краіны. Атмасфернасці дадавала і вялікае буслінае гняздо, якое птушкі змайстравалі на вяршыні франтона.

Сёння сцяна не вытрымала і абрынулася, разбурыўшы таксама большую частку калоннага порціка.

Як звяртаюць увагу актывісты, у 2022 годзе яны, пасля таго, як абвалілася частка касцёла ў Зэмбіне, звярталіся ў Лідскі райвыканкам з прапановай правесці простыя кансервацыйныя працы на сядзібе ў Дзікушках: закласці цэглай праёмы і страчанае міжаконне, каб зберагчы помнік архітэктуры ад разбурэння, такога, якое адбылося сёння.

Актывісты атрымалі вельмі дзіўны адказ, падпісаны намеснікам старшыні Андрэем Каўрыгам, у якім сцвярджалася, што прапанаваны варыянт кансервацыі фасада не мае права на існаванне, бо «можа нанесці яшчэ большую шкоду культурнай каштоўнасці».

Абяцанае ў адказе прысваенне сядзібе Мінейкі статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці таксама не было выкананае дагэтуль.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках